Па-добраму няўрымслівыя жыхары вёскі Гарадзец Жарскага сельсавета зноў і зноў даюць нам нагоду для артыкулаў. То масток праз ручай грамадой пабудуюць, то на беразе возера ўтульны пляж абсталююць. А з нядаўняга часу тут пачалі праводзіць мясцовыя вернісажы пад адкрытым небам. Сёлета такое мерапрыемства ладзілася ў трэці раз і, атрымаўшы на яго запрашэнне, мы з цікавасцю далучыліся да незвычайнай імпрэзы.
“Такое ўражанне, што тут жывуць адны мастакі ды рукадзельнікі!” – зазначалі госці, з захапленнем разглядаючы работы, размешчаныя на сценах дома і адрын, на імправізаваных стэлажах і нават сярод паленцаў дрывотніка.
“Так сталася, што ў нашым Гарадцы пасялілася нямала таленавітых людзей. Зрэшты, нават тых, хто раней не праяўляў адметных здольнасцяў, навакольнае хараство натхняе на творчасць”, – падкрэсліла на адкрыцці выставы старшыня Жарскага сельвыканкама Святлана Міхейка.

Ідэю збірацца адным з летніх дзён і дэманстраваць свае творы прыдумалі прафесійныя мастакі Ірына Ягацінцава, Уладзімір Шчалкун і Лана Красікава. Першую выставу прыняла на сваёй сядзібе Ірына – заслужаны мастак Беларусі, работы якой ужо на працягу 30 год дэманструюцца ў прэстыжных галерэях, знаходзяцца ў замежных калекцыях. За творы, напоўненыя асаблівым святлом, яе нават называюць “беларускім Мацісам”. Адметны мастацкі стыль і ва Уладзіміра, які неаднойчы ладзіў персанальныя выставы, а зараз кіруе сталічнай студыяй дзіцячай творчасці. Ну а Лана – сёлета вясковы вернісаж размясціўся менавіта на яе вельмі прыгожай сядзібе – член беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, адзін з самых вядомых айчынных майстроў у гэтай сферы. Некалькі год таму жанчына адкрыла для сябе чароўны свет керамікі, навучылася вырабляць шэдэўральны посуд, атрымала статус рамесніка. Цікава, што захапіла яе гэтым напрамкам дачка Дар’я – мастак і архітэктар.

Былі на вясковым вернісажы і работы іншых прадстаўнікоў гэтай сям’і: карціны маці гаспадыні Таццяны Красікавай – журналісткі і пісьменніцы, якая пачала асвойваць жывапіс, перасягнуўшы 70-гадовы рубеж, і даказала, што развівацца ніколі не позна; вырабы з дрэва мужа Сяргея Мандзіка, вучонага фізіка ядзерных рэактараў, які таксама не ўстаяў перад творчымі памкненнямі родных і аўрай вёскі.
У вольны час вывязвае кручком карункі гарадчанка Таццяна Аўрамава, аформіла галерэю малюнкаў і самая юная творца – выхаванка наваполацкай мастацкай школы Арына Мядзель.

Трэба сказаць, што трэці па ліку вернісаж стаў самым вялікім па колькасці ўдзельнікаў, бо на яго запрасілі і майстроў з іншых месцаў. З цікавасцю знаёміліся гледачы з вырабамі прадстаўнікоў народнай студыі “Адраджэнне” Святланы Гарыслаўкі, Марыны Герцык, Ганны Бабянок, Вольгі Мурашовай, Святланы Ткачэнкі. Вялікім дэсантам прыбылі на імпрэзу творчыя суседзі з Вялікадолецкага сельсавета. Драўлянымі вырабамі, сувенірамі з нарастаў здзіўляў жыхар Ветча Юрый Акудовіч, дэкаратыўныя работы выставілі Лілія Нішчык з Садкоў і гаспадыня аграэкасядзібы “Марусіна хата” Жанна Каліноўская, якая захапляецца роспісам керамікі.
Ну я які ж вернісаж без фуршэту? Вясковыя кулінары прапанавалі ўсім прадэгуставаць яблычныя пірагі, смачную рыбу з мясцовага возера, а старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама Алег Сыс дадаў у творчую палітру імпрэзы музычны складнік, прыхапіўшы з сабой гітару.

А колькі кампліментаў і цёплых слоў пачула ў гэты дзень старэйшына населенага пункта Валянціна Валяйцёнак! Яе ўклад у тое, што тут пануюць чысціня і парадак, ладзяцца вось такія святы, проста неацэнны. Скончыць жа аповед хочацца словамі карэннай гарадчанкі Таццяны Шайтар: “Я вельмі рада адраджэнню сваёй роднай вёсачкі і таму, што яе новымі жыхарамі сталі такія дастойныя, дружныя і таленавітыя людзі!”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.