Карысныя навацыі і годныя традыцыі
Працоўны дзень у Глыбачанскім лясніцтве пачынаецца не з традыцыйнай планёркі. Пра тое, на якіх працэсах і ўчастках ім давядзецца шчыраваць падчас чарговай змены, работнікі ведаюць ужо з вечара: адпаведны план ляснічы Іван Шугалей змяшчае ў спецыяльным чаце, створаным у вайберы. Хоць і траціць для гэтага звышурочны час, затое лесаводы загадзя могуць падрыхтавацца і з раніцы адразу накіравацца на аб’екты.
У падначаленні маладога кіраўніка 22 чалавекі – у асноўным мясцовыя, але ёсць і тыя, хто ездзіць з Дубраўкі, Вяркуд, Ушач. У ліку галоўных памагатых – памочнік ляснічага Аляксандр Станіслававіч Сяліцкі, адказны работнік з 30-гадовым стажам у галіне. Майстроў жа лесу ў “абойме” пакуль што толькі два, але Васіль Шумчанка і Андрэй Пятніца годна спраўляюцца з шасцю ўчасткамі. У кожнага – свае “казыры”. У першага – годная тэарэтычная база: дыплом агранома і перападрыхтоўка ў Полацкім лясным каледжы, добрае валоданне камп’ютарам і, адпаведна, працэсам унясення звестак у Адзіную дзяржаўную аўтыматызаваную інфармацыйную сістэму. У другога – вялікі практычны вопыт, дасканалае веданне ўсіх адводаў і безумоўны аўтарытэт у калег. І на карысць справы хлопцы плённа ўзаемадзейнічаюць.
Моцнае звяно лясніцтва – квартэт вальшчыкаў, які ў жніўні нарыхтаваў 1000 кубаметраў драўніны, прычым яго лідар Ігар Літвін за месяц выдае як правіла больш за 300 кубоў. Стараецца не адставаць ад яго і Мікалай Ягадка. Шмат год аддалі роднаму прадпрыемству трактарысты Сяргей Фёдаравіч Рубіс і Уладзімір Іванавіч Целяпень, працаваў лесніком, лесарубам, а цяпер сеў за руль аўтамабіля Рыгор Сіскевіч. Папаўняюць калектыў і новыя работнікі. Не так даўно далучыўся да звяна вальшчыкаў Яўген Кавальчук – разам з жонкай яны вырашылі пасяліцца ў Глыбачцы і атрымалі дом ад лясніцтва. З будаўніка ў лесарубы перакваліфікаваўся мнагадзетны тата Аляксей Томашаў. З вяселлем і нараджэннем малыша нядаўна віншавалі калегі Міхаіла Шаршнёва.
Асобна варта адзначыць пчаляра Сямёна Аляксандравіча Пятніцу – дзякуючы яго старанням Ушацкі лясгас можа пахваліцца адпаведным накірункам дзейнасці. У гаспадарцы лясніцтва зараз 65 пчоласем’яў, 48 з якіх прадукцыйныя, з пачатку сезона нарыхтавана 1300 кілаграмаў мёду. Імкнуцца зарабляць грошы глыбачанцы і на іншай прадукцыі: сёлета, напрыклад, рэалізавалі насельніцтву 200 лазневых венікаў і 130 мётлаў.
Увогуле калектыў выконвае даведзеныя планы па большасці паказчыкаў. Справіцца з асобнымі дапамагаюць і вяскоўцы. Так, калі трэба было нарыхтаваць 15 кілаграмаў насення бярозы, разам са сваім татам і яго калегамі шчыравала і школьніца Маша Рубіс – за гэта лесаводы падрыхтавалі для яе падарунак і ўручылі на ўрачыстай лінейцы. Увогуле з мясцовай школай, СДК, іншымі ўстановамі і, канечне, з сельвыканкамам, у лясніцтва склаліся сяброўскія адносіны. Яго работнікі заўсёды далучаюцца да працоўных дэсантаў, даглядаюць помнікі, ініцііруюць іншыя годныя справы. Ды і сама арганізацыя падае прыклад у добраўпарадкаванні: на раённым конкурсе стала лепшай у намінацыі прадпрыемстваў лясной гаспадаркі.
У тым, што лясніцтва выйшла на перадавыя пазіцыі ў лясгасе, што тут склаўся добры мікраклімат, вялікая заслуга яго ініцыятыўнага кіраўніка. У лясгасе Іван Шугалей працуе дзявяты год, глыбачанскі калектыў узначаліў у лютым 2024-га – і за гэты невялікі час тут адбылося шмат станоўчых зрухаў. Ляснічы пастаянна імкнецца ўдасканаліць вытворчы працэс, клапоціцца і пра годны заробак работнікаў, і пра вырашэнне іх асабістых праблем.
Дарэчы, апроч прыгаданага ў пачатку спецыяльнага чата Іван стварыў у вайберы і групу, падпісаны на якую не толькі яго падначаленыя, а і іншыя жыхары аграгарадка. У ёй размяшчаюцца навіны, паведамленні пра забароны наведвання лясоў і маючыя адбыцца суботнікі, і нават невялічкія артыкулы пра мясцовых лесаводаў. У цяперашні час лясніцтва засталося ледзь не адзіным вытворчым аб’ектам Глыбачкі, а гэты статус прымушае быць цэнтрам увагі і крыніцай пазітыўных падзей.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: В.Шумчанка і бухгалтар Д.Корань; І.Шугалей, С.Пятніца; Р.Сіскевіч; А.Сяліцкі.
Майстар касарскога лесу
Якую прафесію для сябе абраць, Павел Аляксандравіч Алексяёнак у свой час нават і не вагаўся. З дзяцінства ведаў: будзе рабіць тое, што яму блізка і вядома – па прыкладзе бацькі пайшоў у лясную галіну.
Калі ў 1992-м годзе стаў лесарубам Касарскога лясніцтва, доўга ўнікаць, прывыкаць да няпростых працоўных будняў не прыйшлося, ды і мясцовыя лясы яму былі ўжо добра знаёмыя. Малады хлопец у спёку і сцюжу спяшаўся на работу і бездакорна выконваў свае абавязкі.
За дзясяткі гадоў адносіны да справы не змяніліся, і Павел Аляксандравіч гэтак жа старанна працуе, толькі ўжо на пасадзе майстра лесу.
– Ведаеце, прыемна назіраць, як расце і мацнее лес. Ён, як і любы жывы арганізм, патрабуе ўвагі і догляду, – з кранальнай пяшчотай кажа мужчына. – Некаторыя памылкова лічаць, што мы толькі высякаем лес. Насамрэч, лесаводы клапоцяцца, каб зялёныя насаджэнні не захварэлі, абараняюць ад пажараў і незаконных высечак, пастаянна закладваюць новыя плантацыі.
Увесь дзень Паўла Аляксандравіча распісаны па хвілінах, каб усюды паспяваць. Спраў у майстра заўсёды шмат, пачынаючы ад пасадкі лесу і завяршаючы тэхнічнымі абавязкамі – такімі, як інвентарызацыя лясных угоддзяў, перавод маладых лесапасадак у паўнавартасны лес, адвод участкаў для суцэльных і санітарных высечак. Трэба спраўляцца яшчэ і са шматлікай папяровай работай, вядзеннем дакументацыі.
З разуменнем ён аднёсся да працяглых камандзіровак на Гомельшчыну, дзе калегам спатрэбілася дапамога па распрацоўцы бураломаў.
– Не абмінаў ураган і Ушацкі раён, не раз разбіралі ветравальныя ўчасткі ў нашым лясніцтве, але такой сітуацыі, як у Гомельскай вобласці, бачыць не даводзілася. Сказаць, што лясны фонд атрымаў пашкоджанні – нічога не сказаць. Ураган літаральна выкасіў дрэвы, прычым, на вялікай тэрыторыі. Вельмі шкада, бо каб вырасціць добрую дзелавую драўніну, патрэбны дзясяткі гадоў! – расказвае майстар.
Са сваёй працай гаспадар касарскога лесу спраўляецца годна. Падкрэслівае, што займаецца любімай справай у дружным калектыве пад кіраўніцтвам вопытнага ляснічага Мікалая Алегавіча Рахманенкі. Аб прафесіяналізме героя аповеду сведчыць і сёлетняя яго ўзнагарода: да Дня работнікаў лесу на ўрачыстым мерапрыемстве ў абласным цэнтры Павел Аляксандравіч атрымаў спецыяльны знак адрознення – “30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”.
Вольга КАМАРКОВА.