Сярод дагледжаных сядзіб у Кавалеўшчыне выдзяляецца падворак пераможцаў раённага конкурсу па добраўпарадкаванні Алега Пятровіча і Алены Анатольеўны Рагавешка: вялікі дом на два паверхі, шыкоўная тэраса з вінаграднікамі, стыльна аформленая тэрыторыя з купеллю ды альпійскімі горкамі.
– Перабраліся сюды з Ушач, калі выйшлі на заслужаны адпачынак, – расказваюць гаспадары. – У той час як раз унучка на свет з’явілася – каб гасцяванне ў нас было камфортным, многае рашылі перайначыць. Ачышчалі тэрыторыю, з дапамогай зяця Яраслава рэканструявалі дом.
Сапраўды, многае змянілася тут за апошнія гады. З былых насаджэнняў хіба што куст вінаграда застаўся – радуе сваёй пышнасцю і багатым ураджаем. Усё ж астатняе – а гэта не адзін дзясятак яблынь, вішань, груш – Алена Анатольеўна і Алег Пятровіч садзілі самі. Як пастаяннага пакупніка жанчыну ўжо ведаюць на многіх садаводчых інтэрнэт-пляцоўках. Напрактыкавалася яна і ў прышчапленні дрэў. Дарэчы, неад’емны атрыбут многіх з іх – птушыныя кармушкі. Для дзятлаў пастаянна сала падвешаюць, а вось з ластаўкамі блізкае суседства не задалося – каб тыя не рабілі гнёзды на доме, спецыяльна прымацавалі на сцены падсветку.
Паставіць сучасную драўляную агароджу мужу і жонцы дапамог… ураган, які часткова паваліў старую металічную. Засталося крыху вольнага месца ля варотаў – прадугледзелі арыгінальную лесвічку да бліжэйшага слупа, на якой зараз красуюцца вазоны з кветкамі. Іх на сядзібе вельмі шмат! Адных гартэнзій 16 кустоў налічылі, руж – 29, ну а своеасаблівымі рэкардсменамі сталі гладыёлусы: на спецыяльнай градцы ажно 100 штук вырасла. Сёлета асабліва парадавалі лілеі (пах стаяў проста незвычайны!), цюльпаны, рададэндран. Ну а прыствольныя кругі ўсіх дрэўцаў не першы год аксаміткамі засаджваюць – не толькі для знешняга аздаблення, а і для абароны ад шкоднікаў.
– Для прыгажосці любы куточак прыдатны. Госцi, напрыклад, спачатку не маглі зразумець, што ў нас за пляцоўка па перыметры засаджаная кветкамі па-за дваром з’явілася. Мы ж такім чынам кампостную яму, на якой добра растуць гарбузы, “замаскіравалі”, – расказвае гаспадыня.
Чыста выстрыжаны газон, абсыпаныя шчэбнем кусцікі барбарысу, акуратны драўляны домік для свідравіны… На ўчастку ёсць чаму падзівіцца. Тут паўсюдна, нават звонку – арыгінальныя кампазіцыі з дэкаратыўных раслін, кветак, камянёў.
– Усё прыдумвае жонка, я ж гэта рэалізую, – усміхаецца мужчына. – Батут і турнік, басейн і арэлі для ўнукаў паставіць – не праблема.
Такі ж ідэальны парадак і на агародзе, дзе адну з цяпліц занялі клубніцы – радавалі ўраджаем ужо ў маі. Добра пладаносяць на градках буякі (блінчыкі з гэтай ягадай – каронная страва гаспадыні), а таксама экзатычныя кавуны і дыні. Сёлета яшчэ і персікі выспелі.
– У маі, калі былі замаразкі, суседку сваёй актыўнасцю напалохалі, – усміхаюцца муж і жонка. – Ноччу, каб засцерагчы ад холаду маладыя насаджэнні, у двары вогнішчы палілі – дымам усё акурвалі. Не прабачылі б сабе, калі б не ўратавалі яблынькі, пасаджаныя ў гонар унукаў Ані і Святаслава, нашых актыўных памочнікаў. У бліжэйшы час пасадзім яшчэ адно дрэўца – нядаўна на свет з’явіўся трэці Елісей.
Планаў у гаспадароў, сапраўды, нямала. Напрыклад, збіраюцца на падворку сухі ручай зрабіць. Клопатаў на зямлі яны не баяцца – наадварот, атрымліваюць ад яе шчырае задавальненне.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.