У суботу ўшацкім аматарам тэатральнага мастацтва выпала цудоўная магчымасць паглядзець пастаноўку Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, не выязджаючы ў сталіцу. У рамках рэспубліканскай акцыі “Культурная карта”, якую другі год праводзіць Міністэрства культуры, вядучыя творчыя калектывы краіны самі накіроўваюцца да жыхароў глыбінкі, каб яны маглі ўбачыць лепшыя айчынныя спектаклі і праекты.
Ва Ушачы драмтэатр прыехаў з пастаноўкай “Горкі хлеб”, прэм’ера якой адбылася летась, дарэчы, у сімвалічны для нашага раёна дзень – 4 мая. І сёлета, у год 80-годдзя Вялікай Перамогі, яна знаходзіць асаблівы водгук у сэрцах гледачоў. Акцёры распавялі ўшачанам пранікнёную дакументальную гісторыю пра лёсы трох сем’яў у гады ваеннага ліхалецця, пра тое, што словы “дзеці” і “вайна” ніколі не павінны стаяць побач… Пастаноўка, у якой кранальныя маналогі тонка перапляталіся з вакальнымі і харэаграфічнымі сцэнамі, глядзелася на адным дыханні і нікога не пакінула абыякавай.
Пасля фінальнай сцэны гледачы, якія запоўнілі залу раённага цэнтра культуры, горача апладзіравалі акцёрам, дарылі ім кветкі. А жыхарка райцэнтра Святлана Аўдошка свой букет паднесла актрысе Юліі Кадушкевіч, якая агучвала на сцэне ўспаміны дзяўчынкі Эмы, што разам з сёстрамі перанесла ўсе жахі акупацыі. Многім у зале яе воблік падаўся знаёмым: у творчым багажы Юліі шмат роляў у тэатры і кіно, аднак асаблівую папулярнасць актрысе прынёс удзел у тэлеперадачы “Жди меня” ў якасці вядучай беларускай студыі. У свой час ушачанка і яе бацька звярталіся на праект, каб адшукаць звесткі пра сваіх родных – і тэлебачанне дапамагло іх знайсці. І нядзіўна, што іх цяперашняя сустрэча з Юліяй была вельмі цёплай (на здымку).
“Тэма вайны блізкая кожнаму ўшачаніну, таму глядзелі спектакль са слязамі на вачах, – падзяліліся з намі ўражаннямі актывісткі раённай ветэранскай арганізацыі. – Увогуле такія культурна-асветніцкія праекты вельмі каштоўныя, бо дазваляюць нам далучыцца да высокага мастацтва”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.