Грамадзяне, якія карыстаюцца газавым ацяпленнем, штогод павінны праходзіць тэхабслугоўванне катла, а таксама абавязковую праверку вентыляцыйных каналаў. Пры спальванні прыроднага газу ў катлах вылучаецца небяспечны ўгарны газ, які павінен выводзіцца з дому праз сістэму вентыляцыі. Нашы чытачы задалі актуальнае пытанне: раней праверку вентканалаў праводзіў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, але сёлета з-за адсутнасці адпаведнай ліцэнзіі выратавальнікі не аказваюць такую паслугу насельніцтву. Хто праверыць вентканал? Гэтае пытанне мы высветлілі з дапамогай Ушацкага раёна газазабеспячэння.
Заказаць паслугу праверкі стану і прачысткі дымавых і вентыляцыйных каналаў можна ў ТАА «Стандарт прамысловай бяспекі». Заяўку можна падаць па тэлефонах (+37544) 572-67-28, (80163) 46-10-10. Кошт зараз складае 25 рублёў. Гэтую ж работу можа выканаць і прадпрыемства супрацьпажарных работ «БДПА», заяўку прымуць па нумары (80214) 46-71-78.
Ёсць яшчэ адзін варыянт, які для многіх можа аказацца больш зручным. Правяраць вентканалы можна самастойна, але для гэтага трэба прайсці спецыяльнае абучэнне, якое праводзіць дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у вобласці газазабеспячэння «ГАЗ-інстытут». Зрабіць гэта можна ў анлайн-форме: пасля аплаты і залічэння ў групу даецца спасылка для падключэння да лекцый, якія займаюць 4 гадзіны. Атрымаўшы адпаведнае пасведчанне, домаўладальнік (або той, хто з ім пражывае) самастойна правярае свой вентканал. Падрабязнасці можна знайсці на сайце «ГАЗ-інстытута» і яго філіялаў.
У газавай службе нагадалі, што адсутнасць акта праверкі газавентканалаў з’яўляецца падставай для адключэння спажыўца ад газазабеспячэння. Не парушайце гэта патрабаванне, тым больш што яно датычыцца ў першую чаргу вашай бяспекі!
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.