Прыход святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры ў аўторак адзначаў чарговае храмавае свята. Юбілейны дзень нараджэння прыгожай і доўгачаканай ушацкай царквы мы будзем сустракаць ў наступным годзе, а 23 верасня – дзень ушанавання трох закатаваных за веру сясцёр. Як адзначыў у сваёй прамове айцец Аляксандр, гэта адзіны ў Беларусі, а мабыць і ў ва ўсім свеце праваслаўны храм, які носіць імя гэтых святых, ва ўсялякім выпадку адшукаць цёзак у друкаваных крыніцах пакуль не атрымалася.
Нягледзячы на будны дзень, царква была запоўнена вернікамі, а ўдзел у богаслужэнні мноства свяшчэннаслужыцеляў на чале з Епіскапам Полацкім і Глыбоцкім Ігнаціем надаў яму асаблівую ўрачыстасць. Нягледзячы на прысутнасць высокага госця, атмасфера вітала вельмі цёплая, дамашняя. А ў час традыцыйнага хрэснага ходу на свята завітала і сонейка, сімвалічна разагнаўшы шэрыя хмары. Так і душы прыхаджан штораз святлеюць ад таямніцы прычасця, ад датыкнення да ікон, ад такіх трапных, даходлівых слоў прапаведнікаў.
Благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі іерэй Аляксандр Таляронак павіншаваў са святам прысутных, а намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Хамёнак падзякавала за велізарную работу, якую праводзіць благачынны па захаванні праваслаўных і сямейных каштоўнасцей, асабліва сярод дзяцей і моладзі. Выхаванне іх у хрысціянскіх традыцыях – асноўная задача Праваслаўнай Царквы. І так задаволена свяціліся вочы Уладыкі, калі на парозе храма яго з караваем сустракалі менавіта дзеці.
Вялікую падрыхтоўку да свята зрабілі і актывісты прыхода, абнавіўшы тэрыторыю, заслаўшы яе кветкамі і прыгатаваўшы для ўсіх пачастункі.
Вольга Караленка