Рецепты теперь электронные

Актуально

Збіраючыся на прыём да ўрача, не забудзьцеся ўзяць з сабой пашпарт – ён спатрэбіцца для афармлення электроннага рэцэпта. З укараненнем сучасных інфармацыйных тэхналогій прывычная “папяровая” схема выпіскі лекаў адыходзіць у нябыт.

Як нам патлумачылі ва Ушацкай ЦРБ, электронны рэцэпт – гэта зялёная пластыкавая картка са штрых-кодам. Яна змяшчае ідэнтыфікацыйныя даныя пацыента, а таксама інфармацыю аб выпісаных яму прэпаратах.

Дарэчы, не трэба перажываць, калі карта згубіцца: усе звесткі на ёй зашыфраваны, убачыць іх можа толькі медык, які зараз праводзіць лячэнне. Аднавіць жа яе нескладана: калі прад’явіце пашпарт (для дзіця – пасведчанне аб нараджэнні), бясплатна выдадуць новую.

Скарыстацца электронным рэцэптам можна ў любой беларускай аптэцы, у тым ліку прыватнай. Пасля сканіравання штрых-кода фармацэўт ці правізар убачыць увесь пералік неабходнага, дазіроўкі і прапануе аптымальны варыянт. Доктар жа на наступным прыёме зможа даведацца, ці набыў пацыент прызначанае, а значыць правільна меркаваць аб тым, як праходзіць лячэнне.

Такі фармат выпіскі лекавых сродкаў адназначна ацэняць пацыенты з хранічнымі захворваннямі. Каб працягнуць тэрмін дзеяння наяўнага рэцэпта, ісці ў паліклініку за папяровым носьбітам ім цяпер не трэба – дастаткова проста патэлефанаваць свайму доктару.

Практычна ўсе рэцэпты цяпер будуць электроннымі. Выключэнне – тыя, што выпісваюцца на медпрэпараты строгай справаздачнасці (жоўтыя і ружовыя).

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *