Бульба – тавар, які прадказальна аказаўся самым запатрабаваным на традыцыйным восеньскім кірмашы, што адбыўся ў мінулую суботу на плошчы райцэнтра.
Хоць у цяперашні час усё можна купіць у магазінах, заказаць у прыватнікаў дастаўку агародніны, ушачане ўсё роўна чакаюць кірмаш, каб назапасіць на зіму неабходнае. Бульбу розных сартоў прапаноўвалі фермеры і прыватнікі, было яе ў дастатковай колькасці і хапіла ўсім жадаючым. Кошт на “другі хлеб” у асноўным складаў 1.40 – 1.50 за кілаграм, а кааператары выставілі цану ў 1.27 і тым самым сабралі ля сваёй кропкі вялікую чаргу. Танней за іншых філіял прадаваў і капусту, буракі, моркву.
Як заўсёды бойка ішоў гандаль зернем, якое прапаноўвалі сельгаспрадпрыемствы. Аднак давялося пачуць, што многія паспелі закупіцца збожжам яшчэ да кірмашу, завітаўшы ў зручны час непасрэдна ў гаспадаркі.
Набыўшы агародніну, ушачане спыняліся каля кропкі лясгаса, каб купіць мёд і венікі для лазні, якія разышліся за пару гадзін. Не меншым попытам у параўнанні з рыбай, якую прадпрыемства даставіла на кірмаш з узятага ў арэнду Тартака. У першыя хвіліны гандлю разабралі акунёў і шчупакоў, таму лясгас, каб задаволіць попыт, адправіўся за другой партыяй улову. Куплялі рыбу і ў яшчэ аднаго арандатара азёр – прадпрыемства “Тэхнакрас”.
У “рыначныя” дні можна ва Ушачах набыць саджанцы, але жыхары раёна праявілі інтарэс да дрэўцаў і вінаграду, якія прапаноўвалі прыватнікі. У гэты раз быў добры выбар хрызантэм: звычайныя і мульціфлоры розных колераў так і прыцягвалі ўвагу апантаных кветкаводаў, якія клапоцяцца пра прыгажосць сваіх сядзіб. “Хрызантэмы мульціфлоры можна вырошчваць як у адкрытым грунце, так і на балконах, вазонах. Вясной кветку можна размножыць шляхам чаранкавання. За добры догляд яна аддзячыць пышнымі кустамі”, – рэкламавалі свой тавар прадаўцы.
Быў на кірмашы і іншы тавар – мяса і паўфабрыкаты, выпечка ад кааператараў і прыватнікаў. Магчыма, і не занадта багаты выбар, аднак усё роўна ўшачане ішлі з плошчы з пакупкамі.
Вольга КАМАРКОВА.