«Темп роста строительно-ремонтных работ за прошлый год в коммунхозе вырос на 593%». Рассказываем о работе УП ЖКХ Ушачского района за 2023 год

Общество

Тэмп росту будаўніча-рамонтных работ за мінулы год у камунгасе вырас на 593 працэнты! І хоць у гэтым заслуга амаль ўсяго вялікага калектыву, на намесніка галоўнага інжынера Аляксандра Сяргеевіча Бехава, які курыраваў гэты напрамак, нагрузка дакладна ўзрасла ў дзясяткі разоў. І летась будаўнік па спецыяльнасці з галавой акунуўся ў спецыфіку абранай прафесіі і быў па сутнасці яшчэ і прарабам.

Першым аб’ектам выпускніка Горацкай акадэміі быў жывёлагадоўчы комплекс “Завячэлле” – Ушацкі райаграсэрвіс тады завяршаў маштабную будоўлю. Калі ў 2016 працаваў майстрам бальнічнай кацельні УП ЖКГ, арганізацыя якраз атрымала ліцэнзіі на розныя віды будаўнічых работ. А не так даўно рыхтаваў даныя для рэканструкцыі кацельні. І вось летась – рамонт дамоў па Віцебскай і Садовай. “Не баязліва было брацца за вялізныя аб’екты, якія дагэтуль вялі буйныя спецыялізаваныя кампаніі?” – пытаюся ў суразмоўцы.
“Літаральна ўсе ўсведамлялі, што гэта – экзамен для арганізацыі, але і адначасова пераход у “вышэйшую лігу”. Таму пачатку капрамонту папярэднічала вялікая арганізацыйная работа. Так, ліцэнзіі на водаправодныя, каналізацыйныя, дахавыя, аддзелачныя і іншыя работы мы мелі і бягучыя рамонты выконваем пастаянна, аднак канкурыраваць у тэндарах з буйнымі будаўнічымі арганізацыямі не атрымоўвалася. Летась, пасля таго як райвыканкамам дазволілі самастойна вызначаць падрадчыкаў і было прынята рашэнне аб перадачы аб’ектаў па капрамонце нам, загадзя прыняліся да справы. “Прагледзелі” працоўныя кніжкі нашых супрацоўнікаў, каб сфарміраваць брыгады па асобных відах. А акрамя хаус-майстраў сярод нас аказалася нямала будаўнікоў, напрыклад, Віктар Грыцаў, Іван Падгол – якіх накіравалі пераважна на рамонт дахаў. Многіх перавучвалі, накіроўвалі на платныя курсы, і выдатна спраўляюцца з абавязкамі тынкоўшчыка і маляра рабочыя з брыгады па дрованарыхтоўцы Аляксандр Сурвіла і Аляксандр Касцюковіч. На заліўцы адмосткі, ганкаў працавала брыгада Ільюшынскага ўчастка, якая і раней праводзіла рамонты дамоў у аграгарадку. Заменай водаправоду і каналізацыі займаўся наш газаэлектразваршчык Іван Петухоў. Ды і дадаткова наймалі спецыялістаў, прыйшла, напрыклад, маляр Наталля Кароткая. Такім чынам і сфарміравалі брыгады”, – тлумачыць А.Бехаў, які пайменна ведае усіх падначаленых, паколькі летась не было прараба і майстра, і ён сам сачыў за ходам работ. Разлічыць, заказаць і матэрыялы, каб не было прастояў, перакінуць работнікаў, адшукаць таннейшы бетон і арэндаваць дадатковы вялізны кран – там, дзе не было сваёй спецтэхнікі, камунальнікі прыцягвалі пабочныя сілы.

А яшчэ і загадзя, у даволі халодным летась красавіку распачалі работы. Працавалі яшчэ ўсе кацельні, а таму давялося ўшчыльняць графікі. Спажыўцы не адчулі недахопу вызваленых на будоўлі людзей, а больш нагрузкі ў пераходны перыяд лягло на качагараў.

Аднак не толькі капрамонтам двух вялізных дамоў (3 700 квадратных метраў) займаліся камунальнікі. Яны выйгралі тэндар па рэканструкцыі фельчарска -акушэрскіх пунктаў, якія ў Сарочыне, Слабадзе і Малых Дольцах аднавіла брыгада Арэхаўскага ўчастка. А таксама да маразоў займаліся ўкладкай пліткі і асфальту па тратуарах вуліц Савецкая і Ленінская, на 202 працэнты перавыканалі і ўзровень 2022 года па бягучым рамонце. І зразумела, усё гэта паралельна з астатнімі абавязкамі камунальнікаў па добраўпарадкаванні і ўборцы вуліц, вывазцы смецця ці расчыстцы дарог.

Аб’ёмы, сапраўды, ашаламляльныя. А каб даказаць, што камунальнікі не горш за будаўнічыя арганізацыі (а гэта так!), упор рабілі на якасць. Яны ж застаюцца ў раёне, самім надалей абслугоўваць гэты жылфонд, сорамна, калі землякі пачнуць тыкаць пальцамі. Ну а сёлета, ужо больш упэўнена, з веданнем справы і на месяц раней распачалі капрамонт двухпавярхоўкі па Савецкай. У планах зноў пад 4 тысячы квадратных метраў. І хоць з’явіўся майстар, Аляксандр Бехаў па-ранейшаму мінімум тры разы на дні на аб’екце – на карэкціроўцы ўзніклых пытанняў, кантролі, заказе патрэбных матэрыялаў. Нездарма кажуць, што пабудаваць наноў прасцей, чым адрамантаваць старое жыллё, а тым больш тое, у якім жывуць людзі.

  • Выручка на аднаго работніка ва УП ЖКГ з 40,3 тысячы рублёў у 2022 годзе павялічылася да 53,5 у 2023-м. Тэмп росту прадукцыйнасці працы склаў 132,7 працэнта пры росце заработнай платы 129,3.

  • Платныя паслугі насельніцтву за 2023 год аказаны ў памеры 1543,8 тысячы рублёў, за аналагічны леташні перыяд – 1352,9 або 114 працэнтаў.

  • Аб’ёмы дадатковых платных паслуг склалі 81,7 тысячы рублёў, у 2022 годзе за аналагічны перыяд – 40,6, рост – 201,2 працэнта.

  • Выручка ад выканання рамонтна-будаўнічых работ за студзень-снежань 2023 года склала 1683,65 тысячы рублёў, у 2022 годзе – 283,92, або 20,73% у агульнай выручцы па прадпрыемстве, у 2022 годзе – усяго 4,6%. Тэмп росту выручкі да ўзроўню мінулага года – 593 працэнта.

  • Не магло гэта не адбіцца і на ўзроўні сярэднямесячнай заработнай платы, за 12 месяцаў бягучага года яна склала 1230 рублёў пры даведзеным заданні 1122,9 рубля або 109,5 працэнта ад задання, за аналагічны перыяд мінулага года – 951,6 рубля, тэмп росту да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года – 29,3 працэнта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *