Когда профессия — призвание. История Марины Михайловой

Главное К профессиональному празднику

“Ці ведаюць вучні, што іх настаўнік гісторыі перамагаў у абласных алімпіядах па матэматыцы, што Ушацкую школу Вы скончылі з залатым медалём, а падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках, што амаль кожныя выхадныя праводзілі на трэніровачных зборах на раўбіцкіх “гарах” і прайшлі кіламетры сталактытавых пячор Крыма, Каўказа, Карпат?” – пытаюся ў выкладчыка Ушацкай СШ Марыны Уладзіміраўны Міхайлавай, бо гэтыя звесткі, на маю думку, уздымаюць прэстыж настаўніка ў вачах вучняў. І чую прадказальны для гэтага сціплага чалавека адказ: “Спецыяльна, канечне, не хвалюся. А паколькі на грамадазнаўстве, асабліва ў старэйшых класах, мы многа гаворым пра развіццё асобы і выбар прафесіі, то што-небудзь усплывае”.

Адна з дзяўчынак яе выпускнога класа, напрыклад, зацікавілася архіўнай справай, а паколькі і такую практыку Марына Уладзіміраўна праходзіла, то раскрыла сакрэты, да якіх трэба быць гатовым. Ну а на першыя ўрокі ў пятых класах яна абавязкова бярэ чарапкі з раскопак рагачоўскага паселішча. Іх мацаюць, фатаграфуюць, а потым бясконца расказваюць, якія “артэфакты” яны адшукалі самі. Такім чынам дасягаецца асноўнае – цікавасць да тэмы ўрока і наогул да прадмета. Бо для “дзясяткі” на тэстах ці экзамене М.Міхайлава лічыць абавязковымі тры складнікі: разуменне, жаданне і веданне дат.

І прыгадвае, як у сваім пятым класе “адкрыўшы рот” ціхенька слухалі Людмілу Рыгораўну Карабань, якая вельмі цікава падавала любімы прадмет. Як спецыяльна хадзіла на ўрокі Івана Кірылавіча Падворнага, які стаў яе першым калегам-настаўнікам у Плінскай школе. “Я заканчвала ўніверсітэт, а не педагагічны інстытут, дзе на метадалогію выкладання не рабіўся моцны ўхіл. Давялося даходзіць самой, і першы час ва Ушацкай СШ мне дапамагала Таццяна Робертаўна Пугачова, – прыгадвае настаўніца. – А абагульняючы плюсы сваіх выкладчыкаў, ніколі не абмяжоўваюся толькі тэмай параграфа, абавязкова шукаю дадатковы матэрыял. І штодня прыдумваю пытанне на дзясятку – самая дзейсная матывацыя. Так і кажу, хто адкажа – атрымае 10, ды і адзнакі за ўрок выстаўляю таксама для таго, каб вучні працавалі. А паколькі дзеці вельмі розныя, то і персанальны падыход абавязковы. Убачу, што нехта ўпершыню руку падняў, і больш увагі ўдзяляю, каб умацаваць упэўненасць”.

Настаўнік заўсёды сярод моладзі – і ў гэтым, лічу, асноўная перавага нашай прафесіі, аб выбары якой я ніколькі не шкадую.

Грамадазнаўства з’яўляецца профільным прадметам для шэрагу гуманітарных прафесій, а вось гісторыю як асноўную дысцыпліну зараз абіраюць нямногія, хаця для далейшай вучобы яна патрэбна абсалютна ўсім. І “дзякуй” за тое, што залікі і экзамены ў ВНУ атрымліваюць аўтаматам, М.У.Міхайлава чуе пастаянна. З гонарам зазначае, што вынікі на тэсціраванні вагаюцца ад 70 да 90 балаў, ну а Ліза Лісіца летась атрымала 98. Марына Уладзіміраўна зазначае, што калі раней да ўдзелу ў канферэнцыях трэба было падштурхоўваць, то зараз за сур’ёзныя даследчыя работы бяруцца з цікавасцю. Медработнік Юлія Мамонава, напрыклад, была ўдзельніцай абласных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцый па гісторыі, Віка Паршонак прыйшла ў секцыю, хоць мела ўстойлівую “10” і не было нагоды выпраўляць адзнаку. А сёлетнія адзінаццацікласнікі абралі тэмай вывучэння прапаганду ў 20-30 гадах мінулага стагоддзя і ў сваю чаргу вельмі зацікавілі настаўніцу: як з ёй справяцца. “Робім усё як патрэбна, са спасылкамі, зноскамі, што таксама спатрэбіцца для курсавых работ”, – падкрэслівае Марына Уладзіміраўна.

На выбар яе прафесіі паўплывала матуля – настаўнік біялогіі Ніна Васільеўна Крывапушчанка. У першы клас пайшла ўнучка Віка – пунктуальная, разважваліся, кантралюючая ўсіх і ўсё дзяўчынка. Мабыць, і працягнецца дынастыя педагогаў, а вось на вуліцах гарпасёлка Марына Уладзіміраўна штодня вітаецца з іншымі дынастыямі – сямейнымі, у бацькоў і дзяцей якіх яна выкладала і была класным кіраўніком. Яна мае своеасаблівы рэкорд: з 29 гадоў працы ва Ушацкай школе ў яе заўсёды быў свой клас, а наступнай вясной ў самастойнае жыццё накіруецца яе чацвёрты поўны выпуск.

“Мы часта гаворым з вучнямі аб жыцці і заўсёды падкрэсліваю, што развівацца трэба пастаянна. Удзячна за гэта сваім прадметам: гісторык не можа не цікавіцца падзеямі ў свеце, а яшчэ ўводзяцца новыя, больш вузкія дысцыпліны, мяняюцца падручнікі і падыходы. Стаўлю і чарговыя ўласныя мэты: хацела атрымаць правы – два гады ўжо кірую машынай. Зараз думаю пра ўдасканальванне англійскай мовы. А яшчэ вучуся ў сваіх школьнікаў – крэатыўных і ў многім больш разумных.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *