Планы-канспекты, работа ля дошкі, выстаўленне адзнак… Хоць Таццяна Крывапушчанка зараз не праводзіць урокі, усё гэта ў яе практыцы ёсць. Як метадыст вучэбна-метадычнага кабінета, яна нярэдка бывае ў школах, дапамагае калегам павысіць прафесійнае майстэрства.
У дзяцінстве ўраджэнка Мозыра меркавала стаць бібліятэкарам, паколькі вельмі любіла чытаць, ці працаваць на зямлі. Калі ж пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС сям’я перабралася ў наш раён (тут жыве радня па бацькавай лініі), перастроіла планы – натхнілася прыкладам настаўнікаў Ушацкай школы і, у прыватнасці, Валянціны Пятроўны Шалесцюковіч, якая выкладала рускую мову і літаратуру. Па іх у дзяўчыны былі толькі выдатныя адзнакі, не горш давалася беларуская мова, таму па накіраванні паступіла на філфак ВДУ імя П.М.Машэрава.
Вяртанне маладога спецыяліста дамоў было няпростым. У школах філолагі не патрабаваліся, ва Ушацкай ёй далі некалькі гадзін рускай мовы і прапанавалі ўзяць нямецкую ў адзінаццатым. Каб пашырыць веды па апошняй, пайшла ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі. Праз некаторы час жыццёвыя абставіны прывялі Т.Крывапушчанку ў Віцебск, дзе яна гэтак жа ўладкавалася ў школу. Работа падабалася, аднак па доме вельмі сумавала…
Калі вярнулася, ва Ушацкай школе была вакансія сацыяльнага педагога. У нюансах новай для сябе справы Таццяна разбіралася адразу на практыцы: вывучала пухлыя “двухтомнікі” на кожную з 30 сямей, якія знаходзіліся на ўліку, з праваахоўнікамі ездзіла па адрасах, прысутнічала на допытах тых, хто правініўся. Бывала, заходзіла ў дамы, а там пустыя халадзільнікі, холад… У такіх выпадках нярэдка даводзілася за гора-бацькоў вырашаць гэтыя пытанні.
Падобнай работай займалася ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, дырэктарам якога была. Функцыі апекі і папячыцельства выконвае і зараз – на пасадзе метадыста. Работа ў яе, сапраўды, разнапланавая. Даводзіцца мець справу з абавязанымі асобамі, каб спагнаць сродкі на дзяцей, прадстаўляць інтарэсы апошніх на судовых пасяджэннях, арганізоўваць работу з навучэнцамі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, курыраваць дзейнасць настаўнікаў рускай, беларускай і замежных моў…
– Менш за ўсё люблю хадзіць на заняткі з праверкамі, тым больш да вопытных педагогаў, – прызнаецца метадыст. – У раёне шмат выдатных спецыялістаў – з высокай катэгорыяй, вялікай колькасцю дасягненняў, назвала б усіх – але газетнай плошчы не хопіць. Радуюць і маладыя, сярод якіх – настаўніца Дзіяна Герцык, што прыступіла да работы ў Глыбачанскай школе год таму, дэфектолаг Ганна Зайцава (Кухарэнка), якая хутка знайшла агульную мову з выхаванцамі. Дарэчы, усім дэфектолагам раёна, якіх у нас 14 – нізкі паклон: разумеючы, наколькі важна ахапіць вучэбным працэсам кожнае дзіця (выстаўлены дыягназ маюць 218), многія перавучыліся, пагаджаюцца на сумяшчэнне, працуюць адразу на некалькі ўстаноў.
Цяжкасцяў у рабоце Таццяна Анатольеўна не баіцца. Гатова і вольным часам ахвяраваць, каб любімая Ушаччына гучала на самым высокім узроўні!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ