Чем Горыныч привлекает аудиторию в TikTok? Рассказываем про известного блогера

Калейдоскоп

Калі раней слова “Гарыныч” ва ўсіх выклікала толькі казачныя асацыяцыі, то зараз некаторыя ўшачане, пачуўшы яго, прыгадаюць аднайменнага блогера, які размяшчае папулярныя відэа ў сетцы TikTok. Прычым, не толькі моладзь. “Мне дачка яго ролікі паказвала. Яны вельмі многім падабаюцца! Цікава: ён ушацкі ці прыезджы?”, – пыталася ў нас днямі падпісчыца ва ўзросце. Дык хто ён – каларытны Гарыныч, які так спрытна гатуе ў печы мачанку ды баршчы і на блізкім нашаму сэрцу ўшацкім “дыялекце” распавядае пра народныя стравы і звычаі, прыпраўляючы сваё “меню” дасціпным гумарам? Мы завіталі ў вясковую хату, антураж якой знаёмы амаль 180 тысячам чалавек з розных краін свету – менавіта столькі падпісчыкаў зараз у нашага блогера.

А ён сапраўды наш, тутэйшы. Дзяцінства Ігара Мірановіча (так завуць героя аповеду) прайшло ў вёсцы Двор Пліна. Вучыўся ў мясцовай школе, якая заўжды славілася моцнымі педагогамі. Дарэчы, легендарная партызанка, былы дырэктар установы Варвара Сцяпанаўна Мірановіч – родная сястра яго бабулі Паліны, у хаце якой яны часта збіраліся і ўзгадвалі ваенныя выпрабаванні. Хлопчык не быў выдатнікам, але за сачыненні пра Вялікую Айчынную атрымліваў “пяцёркі”, бо ведаў тэму дасканала. Любымым жа прадметам лічыў фізкультуру, што і нядзіўна, бо выкладаў яе апантаны педагог Уладзімір Бабянок. Ігар быў адным з лепшых лёгкаатлетаў раёна і трапіў у спартыўнае вучылішча, але развіць талент не змог – падвяло здароўе. З маленства ён звыклы да сялянскай працы: прыгадвае, як за ўдарную работу на зернетаку дырэктар саўгаса “Ушацкі” Васіль Караленка на школьнай лінейцы ім хакейныя клюшкі падарыў, якімі потым ганялі шайбу на мясцовай сажалцы…

Пасля школы Ігар атрымаў рабочую спецыяльнасць, калі вярнуўся з арміі, уладкаваўся ва Ушацкую сельгасхімію, а апошнія 25 год працуе ў Наваполацку ў сферы энергетыкі. Тэма ж блогерства зарадзілася… у паходах. З дачушкай Палінай, якую назваў у гонар сваёй бабулі, яны за апошнія 11 год абышлі і аб’ехалі ледзь не ўсе навакольныя турбазы і азёры, пабывалі ў розных кутках Беларусі. У адрозненне ад іншых турыстаў, на прывалах не абмяжоўваліся тушонкай ці, крый божа, “ролтанам”: гатавалі дамашнія абеды, а паралельна здымалі відэа і выкладвалі на старонках “ВКонтакте” і “Аднакласнікаў”. Тым часам цяжка захварэў і пайшоў з жыцця бацька Ігара – той моцна перажываў страту, і каб крыху пераключыць яго ўвагу, дачка стварыла акаўнт у TikTok. Новая справа захапіла: ён падпісаўся на папулярных блогераў, стаў вывучаць алгарытмы і трэнды папулярнай сацсеткі.

Неяк летам Ігар падарожнічаў ля Вечалля і стаў сведкам таго, як па льнозаводскай вуліцы ехаў вясельны картэж, а нехта з мясцовых выставіў “рагатку”. Зняў відэа народнага абраду – яно сабрала шмат праглядаў. Яго заўсёды цягнула на Ушаччыну: бацькоўскага дому ўжо не было, таму набыў невялікую хатку ў адной з блізкіх вёсак. Няхай і не харомы, галоўнае – ёсць печ і шчыток, на якіх неўзабаве з’явіліся малюнкі казачных персанажаў, вядомыя зараз усім яго падпісчыкам. А першым ролікам, які “заляцеў” на мільён праглядаў, стала прыгатаваная ў печы яешня з салам: з такім апетытам дэгуставаў яе кулінар, што знайшоў гарачы водгук у сэрцах падпісчыкаў.

“Усё проста: людзі любяць смачна есці і весяліцца. А ўшацкая вёска – невычэрпная крыніца гумару!”, – канстатуе блогер.

Так, усе яго сюжэты прасякнуты пазітывам і шчырасцю. А з нядаўняга часу ён падцягнуў да справы і сваю суседку бабу Нюру, разам з якой робіць кароткія вясёлыя сцэнкі. Жартоўны дыялог, з якога пачаўся гэты TikTok-серыял, выглядаў так: “Скажы ты мне, Андрэеўна, якім мужыкам не здраджваюць бабы?” “Толькі мёртвым!” Няхітры народны гумар “зайшоў” аж на 2 мільёны праглядаў! Быць зоркай інтэрнэту бабулі спадабалася, і цяпер яна сустракае Ігара словамі: “Ну, што, сусед, давай здымаць кіно!”

“Трапныя загалоўкі, якасць, а яшчэ – работа 24/7. Трэба штодня выкладваць новы кантэнт, пастаянна адказваць на каментарыі. І быць гатовым да крытыкі. Хэйтараў у кожнага блогера хапае, і паўбяды, калі яны чапляюць асабіста цябе. А вось калі нехта “каціць бочку” на маю краіну – тут стрымацца не магу – даю адпор! Напрыклад, неяк “змагары” з замежжа напісалі, маўляў, у беларускіх вёсках разруха, людзям есці няма чаго, а ты сваю мачанку гатуеш, над народам здзекуешся… Ну і як, скажыце, на такую ерась моцным словам не адказаць?!” – падзяліўся з намі Ігар.

Дарэчы, ён нярэдка вядзе стрымы з ушацкіх падзей. Такім чынам, тысячы людзей з розных краін убачылі трансляцыю з сёлетняга Дня горада ў нашым райцэнтры, а яшчэ назіралі ў прамым эфіры за салютам на “Прарыве” падчас абласнога свята. Некаторыя падпісчыкі з Украіны нават плакалі і пісалі ў каментарыях: “Хацелі б і мы бачыць такія мірныя залпы на сваёй Радзіме!” Дарэчы, у той момант узнікла ў Ігара думка: як бы добра было сабраць падпісчыкаў за адным вялікім дружным сталом, каб гучалі там добрыя тосты! Так нарадзілася ідэя “Пахода сяброўства” – і ў адзін з чэрвеньскіх выхадных ён запрасіў на свой хутар усіх, хто хоча і можа прыехаць. На спантанную турыстычную прапанову адгукнулася некалькі дзясяткаў падпісчыкаў не толькі з беларускіх гарадоў, а і з Латвіі. Сваю акцыю Гарыныч збіраецца паўтарыць і наступным летам – заяўкі ўжо паступаюць, і іх нямала!

І вось яшчэ якую гісторыю расказаў нам Ігар. Вёў ён аднойчы стрым, які адначасова глядзелі на адной франтавой пазіцыі ўкраінскія і расійскія салдаты. Спрачаліся ў каментарыях, горача абмяркоўвалі, хто ў ваенным канфлікце вінаваты… І такім чынам у гэтым асобным месцы лініі фронту ўсталявалася трохгадзіннае стыхійнае перамір’е – на той час, пакуль ішла трансляцыя. Шкада, што нельга было яе далей працягнуць, але адзін толькі гэты выпадак цалкам апраўдаў усе старанні ўшацкага блогера, які рупліва развівае свой акаўнт у сетцы TikTok. І нездарма пад кожным яго ролікам абавязкова знойдзецца такі каментарый: “Добры ты мужык, Гарыныч!”

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *