У самае добрае і кранальнае свята – Дзень маці – адразу дзве нашы зямлячкі атрымлівалі высокія ўзнагароды ад кіраўніцтва вобласці і краіны. Таіса Церашкавец з аграгарадка Глыбачка стала лаўрэатам прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, а жыхарка райцэнтра Вольга Карэйша ўдастоена ордэна Маці.
а абласную прэмію Таіса Ігараўна была вылучана невыпадкова. Яна руплівы і адказны настаўнік, добрая матуля. Сваю малую радзіму Глыбачку не прамяняла на вялікі горад: вось ужо 13 гадоў працуе ў мясцовай школе, а падлічыць колькасць атрыманых ёй і яе вучнямі ўзнагарод проста немагчыма. Разам з мужам Арцёмам, гэтак жа педагогам установы, выхоўвае дачку Ксенію і сына Аляксея.
“Стараюся максімальна развіваць дзяцей. Удзельнічаем у розных конкурсах, падарожнічаем і ў цэлым імкнемся як мага больш часу праводзіць разам”, – расказвае Т.Церашкавец. Прыклад жа дзецям яна падае сваёй актыўнасцю. З’яўляецца настаўнікам пачатковых класаў, выкладае нямецкую мову, вядзе краязнаўчую работу і факультатыў у класе педагагічнай накіраванасці, удзельнічала ў “мадэрнізацыі” музея ўстановы, стварэнні віртуальнага. Галоўнай для сябе перамогай Таіса называе поспехі і ўсмешкі дзяцей – родных і тых, з кім працуе ў школе.
Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка 30 верасня падпісаў Указ №348 “Аб узнагароджанні” за нараджэнне і дастойнае выхаванне пяці і больш дзяцей. Ордэны маці жанчынам, сярод якіх – і Вольга Карэйша, уручыў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Аляксандр Турчын.
“Гераіняй сябе не лічу, – кажа ўшачанка. – Гасподзь падарыў нам з мужам Дзмітрыем цудоўных дачушак – і мы з радасцю прынялі гэты каштоўны скарб. Увогуле мне пашчасціла, што побач са мной такі добры, надзейны спадарожнік жыцця”.
Увесь вольны час муж і жонка прысвячаюць дзецям, выхоўваюць іх у беларускіх нацыянальных і хрысціянскіх традыцыях. Старэйшая Арына – пераможца прадметных алімпіяд і творчых конкурсаў. Праяўляюць таленты і яе сястрычкі Лізавета, Паліна, Крысціна, ну а маленькай Алівіі ўсяго 1,5 годзіка.
Уласным прыкладам Вольга Алегаўна выхоўвае ў дзяцей працавітасць, павагу да бацькоў, любоў да Радзімы. Яна добрая гаспадыня, прыхільніца здаровага ладу жыцця, ды і чалавек міласэрны – праз дабрачынны цэнтр “Дары дабро” аказвае гуманітарную дапамогу землякам.
На наша пытанне, ці хацела б дзянёк-другі адпачыць ад догляду за дзецьмі, ушачанка адказала катэгарычна: “Ды што вы! Без сваіх сонейкаў месца сабе не знаходжу! Гэта мой гонар, маё шчасце”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ