У рамках Дня горада ва Ушачах упершыню прайшоў раённы конкурс сярод працоўных калектываў “Беларуская жанчына: сімфонія поспеху”, у якім прынялі ўдзел 9 ушачанак з розных арганізацый. Яны прадэманстравалі, наколькі шматгранным можа быць вобраз сучаснай беларускай жанчыны – прафесіянала, творцы і захавальніцы сямейных традыцый.
Конкурс складаўся з трох этапаў. Першы – візітная картка. З дапамогай самапрэзентацыі ўдзельніцам трэба было расказаць пра сваю прафесійную дзейнасць, дасягненні, асабістыя захапленні. Настаўнік Аляксандра Дакшаніна, напрыклад, падзялілася сваёй марай – праз некалькі год адкрыць уласную школу англійскай мовы. Прадстаўніца аддзела кадраў ЖКГ Анастасія Пазняк расказала пра сваю працу і жыццёвыя арыенціры.
Другі этап – творчы нумар. Вельмі таленавітымі аказаліся нашы жанчыны: малявалі, чыталі вершы, спявалі. Псіхолаг Ушацкай ЦРБ Наталля Лісічонак разам з калегамі паказала яркую гумарыстычную сцэнку, якая выклікала шквал апладысментаў. Нягледзячы на сур’ёзную пасаду юрыста ў ТЦСАН, песняй з падтанцоўкай уразіла гледачоў Валянціна Струй. Такім жа чынам прадэманстравала свае творчыя здольнасці і Аляксандра Шаўчэнка, якая працуе педагогам-псіхолагам дзіцячага сада №3. У чарговы раз танцам “Смуглянка” пакарыла ўсіх Юлія Казак. Бібліятэкар сектара абслугоўвання і інфармацыі Ушацкай раённай бібліятэкі імя Е.Лось Галіна Талстая паказала публіцы свае жывапісныя работы.
Вельмі эфектным атрымаўся фінальны этап конкурсу. Усе ўдзельніцы ўпэўнена прадэфіліравалі ў вячэрніх уборах, дадаўшы да вобразаў элементы, якія адлюстроўваюць іх прафесію. Так, “грашовая карона”, калькулятар і шлейф з купюр сталі яркай дэталлю вобраза бухгалтара па зарплаце цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Юліі Полазавай. Маркетолаг санаторыя “Лясныя азёры” Кацярына Раманоўская прадставіла арыгінальны “букет” з рэкламных буклетаў сваёй установы. Школьны званок, невялічкі газавы балон – кожная дэталь была крэатыўнай і падкрэслівала прафесійную індывідуальнасць удзельніц.
А якая была энергетыка і атмасфера ў зале! Усіх канкурсантак падтрымлівалі калектывы – з плакатамі, шарыкамі, лозунгамі. “Выбраць пераможцаў нам было вельмі складана. Вы ўсе – цудоўныя, кожная з вас – унікальная і перамагла ўжо тым, што не пабаялася выйсці на сцэну”, – зазначыў старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Пётр Алексяёнак.
- У выніку першае месца заняла Юлія Казак, другое прысуджана Наталлі Лісічонак, трэцяе – Аляксандры Шаўчэнка.
“Хочацца выказаць самыя цёплыя словы ў адрас удзельніц, якія падарылі ўшачанам свой талент, усмешку і натхненне. Конкурс паказаў, наколькі вы шматгранныя: паспяховыя спецыялісты, любячыя маці, актывісткі грамадскіх спраў, творчыя асобы. Дзякуй вам за смеласць дзяліцца сваімі гісторыямі, а калектывам – за неверагодную энергетыку падтрымкі, якая панавала ў зале”, – выказала свае ўражанні загадчык сектара культуры Лідзія Шкаруба.
Ну а мы, гледачы, у сваю чаргу мусім выказаць падзяку арганізатарам такой захапляльнай імпрэзы і спадзяемся як мага часцей бачыць на галоўнай сцэне раёна самадзейных артыстаў з ушацкіх арганізацый.
Анастасія ПОЛАЗАВА.
На здымках: Г.Талстая, А.Шаўчэнка, А.Пазняк, В.Струй, Ю.Казак, К.Раманоўская; А.Дакшаніна і Ю.Полазава ў час дэфіле; творчы нумар Н.Лісічонак (злева) і яе калег.




