Семья Лукашевич переехала жить с города в деревню и нисколько об этом не жалеет!

Главное

Не часта пачуеш ад моладзі, а тым больш ад карэннай мінчанкі, што яна марыла жыць у вёсцы. Аднак гэта факт: калі Ксенія і Андрэй Лукашэвічы задумалі ўзяць пазыку на будаўніцтва, выбар спынілі на Гуце – вёсцы, блізкай да Ушач і для іх саміх – тут знаходзіцца дача бацькоў Андрэя Пятровіча, ды і іх уласная стаяла – на месцы купленага доміка і вырас двухпавярховы катэдж. У верасні мнагадзетная сям’я перабралася на пастаяннае месца жыхарства ва ўласныя пакоі. І хоць яшчэ не адзін месяц, а мабыць і год будуць ажыццяўляць свае задумы па добраўпарадкаванні, аднак усё неабходнае для жыцця ёсць, а 2025-ы назаўсёды застанецца памятным як год іх наваселля.

З парога сустракаў хлебны пах і вясёлыя па-летняму апранутыя дзеці. “Я ўжо на “Ступенькі” хаджу, – з гонарам паведаміў пра падрыхтоўчыя заняткі будучы школьнік Філіп. – А 5 снежня мне споўнілася шэсць”. Ён паказаў падораны мікраскоп і іх з двухгадовым братам Ціханам хлапчуковы пакой: двух’ярусны ложак, стол, шафа і пераважна развіваючыя гульні. Мінімалізм у палацах трохгадовай Евы і спальні бацькоў – гардэробная, што па меркаванні гаспадароў, намнога карысней за шафы, і брутальны ложак з брусоў, які Андрэй Пятровіч змайстраваў сам. Ды і кладку сцен, абшыўку, дах, электраацяпленне, выраб праекта – літаральна ўсё ў катэджы, акрамя цёплай падлогі, навасёлы рабілі самі ці з дапамогай родных. У вялікіх дружных сем’ях грамада збіраецца хутка, а на работах зэканомлена прыкладна палова ад сумы матэрыялаў.

“Дом невялікі, – без ценю іроніі кажа гаспадар, – усяго 156 метраў карыснай плошчы”. І сапраўды, нічога лішняга тут няма. Кухня сумесна з гасцінай і чатыры прасторныя пакоі. А плюс яшчэ ванны і санвузлы на двух узроўнях, ды пральня з кацельняй.

Абжываецца маладая сям’я, як кажуць, з нуля, ці дакладней, з дзяржаўнай падтрымкай: суму пазыкі пасля нараджэння трэцяга дзіцяці перакрылі субсідыя для мнагадзетных сямей (75 працэнтаў кошту) і мацярынскі капітал. А гарадскія выгоды ў вялізным доме на прыродзе, прычым, па льготных тарыфах, сталі даступнымі дзякуючы спецыяльнай праграме па падтрымцы вясковых жыхароў для правядзення электраацяплення.

Наўмысна будаваліся ў прыгожай вёсцы ля рэчкі: чыстае паветра, прастора – месца хопіць і для адпачынку, і для агарода, і для гаспадарчых пабудоў. Адна з іх ужо стаіць, а таксама батут, цяпліца. Трапіць на дваровую зону можна прама са шкляных дзвярэй гасцінай. Усё побач – зручна і карысна. А адна з мэт вясковага выбару – выхаваўчая. “Каб ведалі, што яблыкі не ў магазіне растуць, а салодкі мёд здабываецца праз салёны пот, – гаворыць Андрэй Пятровіч. – Нецяплічны ўклад выхавання нашых бацькоў, дзякуючы чаму вельмі многае ўмеем рабіць рукамі, лічым правільным і пакрысе прывучаем да працы малых”.

Так, старэйшыя дзеці могуць і пакоі падмесці, і цацкі прыбраць. А яшчэ яны штодня бачаць любоў і поўную падтрымку адзін аднаго з боку бацькоў. Літаральна ўся работа дзеліцца пароўну, а разумеючы, як цяжка Ксеніі заўсёды быць з дзецьмі, Андрэй Пятровіч, які ўзначальвае калектыў раёна электрасетак, знаходзіць магчымасць даць жонцы адпачынкі з выездам на культурныя мерапрыемствы. Падчас аднаго з царкоўных і пазнаёміліся ўшачанін і мінчанка. “Па маёй спецыяльнасці знайшлася работа ў дзіцячай школе мастацтваў.

Падабалася мне жыць і ў райцэнтры, у адрамантаванай па нашым гусце кватэры. І хоць усё было побач, у Гуце мы адчуваем сябе намнога лепш”, – расказвае Ксенія і паралельна гаспадарыць у вялізнай, з астраўной зонай, кухні. Адсюль і ішоў прыемны пах свежага хлеба – як і вялося раней на вёсцы, белыя і чорныя боханы ў сям’і Лукашэвічаў – з печы, няхай і электрычнай.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *