Отделение по гражданству и миграции Ушачского района отмечает 105 лет со дня основания

Главное

В.Пугачова,Т.Бандарэнка, Т.Рубанік.

Да гэтага часу многія па прывычцы называюць аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі “пашпартным сталом”. Пры гэтым памылкова лічаць, што займаюцца тут толькі афармленнем і выдачай пашпартоў. Служба, у якую звяртаецца абсалютна кожны, сёння адзначае дзень свайго заснавання, прычым, юбілейны – 105-ы.

Работа са зваротамі грамадзян, уезд і выезд з рэспублікі, вызначэнне прававога становішча іншаземцаў, кантроль за рэжымам іх знаходжання на тэрыторыі раёна… На сённяшні дзень супрацоўнікі групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага РАУС ажыццяўляюць звыш 50 адміністрацыйных працэдур. Толькі сёлета імі зарэгістравана 225 грамадзян Беларусі. Часовыя рэгістрацыя і знаходжанне аформлены для 23 і 44 іншаземцаў адпаведна. Выдадзены 41 дазвол на пражыванне ў нашай краіне, 16 былі ануліраваны. 8 нашых землякоў афіцыйна аформілі выезд на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, 3 чалавекі атрымалі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Былі таксама факты высылкі і дэпартацыі.
Кожны тыдзень ва Ушачах афармляецца ў сярэднім па 20-25 пашпартоў. Большасць з іх – старога ўзору, і толькі каля 20 працэнтаў – біяметрычныя.
З такім унушальным аб’ёмам спраў зараз паспяхова спраўляецца калектыў з трох спецыялістаў пад старшынствам Т.Бандарэнкі.

Таццяна Валер’еўна ўзначальвае групу з 2021 года, а па колькасці заслужаных за гэты час узнагарод ёй могуць пазайздросціць многія. У ліку самых значных сваіх дасягненняў ушачанка называе сёлетнюю “бронзу” на абласным аглядзе-конкурсе “Лепшы супрацоўнік падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі”, а таксама першае месца на рэспубліцы ў складзе каманды віцебскіх “пашпартыстаў”.

– Дэманстравалі не толькі тэарэтычныя веды, практычныя навыкі, але і агнявую, медыцынскую падрыхтоўку, прыёмы па самба і нават аратарскае майстэрства, – кажа яна. – Канечне, было цяжкавата, але цікава і вельмі карысна – цяпер многае спатрэбіцца на службе.

Упэўнены, што нядаўнія кіраўнікі групы Яўген Сынкоў, Сяргей Пугачоў, Дзяніс Пчолка шчыра парадаваліся поспехам Таццяны.
Не хвалюецца зараз за справу, якой аддала шмат гадоў жыцця, ветэран працы Алена Рубанік – на пасадзе пашпартыста яе змяніла вопытны спецыяліст Вольга Пугачова, якая дагэтуль выконвала аналагічныя функцыі ва УП ЖКГ. Паслядоўніцай Дзмітрыя Жыткага, Аляксандра Шарамета стала Таццяна Рубанік – пасаду вядучага спецыяліста па рэгістры насельніцтва яна заняла толькі сёлета, але гэтак жа спраўляецца на “ўра” (раней ушачанка працавала ў падатковай інспекцыі).

Чаргі пад іх кабінетамі практычна не бывае. Па-першае, без праблем падмяняюць адна адну, з’яўляючыся ўніверсальнымі спецыялістамі. Па-другое, нават у час для афармлення дакументаў нікога не пакідаюць пад дзвярыма – абавязкова пракансультуюць, пры патрэбе затрымаюцца на службе.

Дарэчы, апошнюю выключна кабінетнай не назавеш: даводзіцца выязджаць па месцы жыхарства грамадзян – напрыклад, каб пракантраляваць умовы пражывання іншаземцаў, а таксама з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі рэспубліканскія трасы “адпрацоўваць” – каб прадухіліць факты незаконнай міграцыі праз тэрыторыю раёна. Так, сёлета ў Сарочыне быў затрыманы аўтамабіль таксі, на якім група нелегалаў з ліку жыхароў Непала, Індыі і Алжыра спрабавала незаконна перабрацца ў Літву.

Графік работы падраздзялення: аўторак і пятніца – з 8.00 да 17.00 (перапынак з 13.00 да 14.00), серада – з 11.00 да 20.00 (15.00-16.00), чацвер і субота – з 8.00 да 13.00, нядзеля і панядзелак – выхадныя.

– Наша служба не адстае ад інфармацыйнага прагрэсу. Нядаўна, напрыклад, пачалі афармляць біяметрычныя дакументы, – расказвае В.Пугачова. – Гэта зручна і нам, і нашым кліентам: абсалютна ўсе неабходныя працэдуры можна зрабіць у адным кабінеце – сфатаграфавацца, аплаціць кошт паслугі праз АРІП, раздрукаваную заяву атрымаць – застаецца толькі свой подпіс паставіць і новенькі пашпарт чакаць. У ліку новаўвядзенняў назаву таксама паслугу “Выезд на дом” – за пэўную плату самі адпраўляемся да чалавека, каб узяць фотаздымкі, заяву на афармленне пашпарта, а потым і ўручыць такі дакумент па адрасе можам.

З гісторыі
Пашпартна-візавая служба мае даўнюю гісторыю. Некалькі стагоддзяў таму з’явілася слова “пашпарт”. Гэта суправаджальная грамата, якая выдавалася дыпламатам, паслам на час іх паездак па тэрыторыі іншых дзяржаў. У 1721 годзе былі ўведзены абавязковыя пашпарты для сялян, якія часова пакідалі межы пастаяннага жыхарства. Пасля рэвалюцыі функцыі дакументавання грамадзян былі ўскладзены на органы ўнутраных спраў.
Падчас савецкай улады і ў далейшым найменні службы неаднаразова мяняліся, дадаваліся новыя функцыі, фарміравалася і ўдасканальвалася нарматыўная прававая база. У 2004-м жа адбылося сур’ёзнае рэфармаванне – быў створаны Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС з адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі на месцах.

 Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *