У нашым раёне склалася добрая традыцыя: ладзіць для хлопцаў, якія адпраўляюцца на тэрміновую службу, запамінальную ўрачыстасць. Гэта мерапрыемства, на якім можна не толькі атрымаць наказы перад армейскім стартам, а і напаследак прайсціся па знаёмых ушацкіх вуліцах у любімых джынсах, моднай байцы і з “нефармальнай” прычоскай.
Яшчэ адно нязменнае правіла – пачынаць падобную імпрэзу з ушанавання памяці герояў, якія аддалі сваё жыццё, абараняючы нашу незалежнасць. Пачэсная місія – прайсці ўздоўж шарэнгі таварышаў і ўскласці вянок да падножжа помніка загінуўшым воінам і партызанам – сёлета была даручана Аляксею Балаеву і Аляксею Бурнейка.
Урачыстае ўручэнне павестак праходзіла ў раённым цэнтры культуры. Пра тое, што вайсковая служба – неабходная справа для сапраўдных мужчын, а армія правярае, на што кожны з хлопцаў варты, – казалі навабранцам намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў і намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ушацкага раёна Павел Мікалаевіч Камарэўскі. Добрасумленна авалодваць ваеннай навукай і набыць у войску карысныя звычкі і ўменні жадала першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Глінская.
Павесткі ў гэты дзень атрымалі 29 юнакоў. Большасць з іх адправіцца ў вучэбны цэнтр у Барысаве і ваенную частку ў Заслонаве. Таксама ўшацкія прадстаўнікі будуць служыць на граніцы і ў войсках спецыяльнага прызначэння.
Сярод прызыўнікоў ёсць і ўчарашнія школьнікі, і маладыя людзі, якія ўжо атрымалі прафесію і паспелі распачаць працоўную кар’еру. А некаторыя прызыўнікі сёлета паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы: напрыклад, Аляксей Балаеў і Ілья Юргевіч сталі студэнтамі Горацкай сельгасакадэміі, а Герман Седзін, скончыўшы музычны каледж, быў залічаны ў кансерваторыю. Зразумела, за хлопцамі захаваюцца месцы ў ВНУ.
“З разуменнем стаўлюся да таго, што замест любімай гітары цяпер буду трымаць у руках зброю. Лічу, што вайсковая служба стане для мяне карысным вопытам”, – падзяліўся з намі ўражаннямі Герман. А для кагосьці армія будзе шанцам пераасэнсаваць свае погляды на жыццё і падцягнуць дысцыпліну.
Хочацца пажадаць хлопцам, каб тэрміновая служба прайшла для іх хутка і карысна, а матулям – сустрэць іх дома ўмелымі, разважлівымі і загартаванымі.
На здымках: у час ускладання кветак; павестку атрымлівае Мікіта Аксяновіч.
Анастасія ПОЛАЗАВА


