Ушачане на главной ёлке страны

Общество

Напярэдадні Новага года мы ўсе, незалежна ад узросту, чакаем нечага незвычайнага, казачнага. Так хочацца, каб збылося самае-самае запаветнае жаданне! І нярэдка бывае, што збываецца…

Аляксандра Лях – з Глыбачанскай школы, Галя Бурак і Крысціна Голубева – з Ушацкай у гэтым годзе атрымалі самы запамінальны падарунак у жыцці. Што там цукеркі, цацкі, кніжкі пад ёлкай – дзяўчынкам пашчасціла ў складзе дэлегацыі Ушацкага раёна пабываць на галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі. Пачуцці перапаўняюць іх, дзяўчынкам хочацца расказаць літаральна пра ўсё, што ўбачылі і што ўсхвалявала.

– Гэта ўражанні на ўсё жыццё, – лічыць Крысціна. – Спачатку мы паглядзелі прыгожую выставу навагодніх вырабаў. Убачыла нават работу маёй сяброўкі Вікі Падгол, з якой займаемся ў адным гуртку. Галоўная ёлка ўразіла велічнасцю і прыгажосцю.

– Напярэдадні свята пабывалі ў цырку, дзе нас парадавала сярод іншых выступленне акрабатаў – незвычайнае відовішча! – расказала Галя. – Не абышлося і без традыцыйных падарункаў. Кожны юны ўдзельнік свята атрымаў вялікі пакунак ласункаў і прыгожую мяккую цацку – зайчыка.

Усіх удзельнікаў навагодняга свята прывітаў Дзядуля Мароз, які і аб’явіў: “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка”. Прэзідэнт краіны цёпла павіншаваў юных удзельнікаў са святамі, пажадаў поспехаў ва ўсіх справах, расказаў аб многім, што робіцца ў нашай краіне для таго, каб хлопчыкі і дзяўчынкі набывалі грунтоўныя веды, сябравалі са спортам, дасягалі намечанага.

Затым быў захапляльны музычны спектакль. Праграма свята была насычанай, але дзеці не стаміліся, хацелі як мага даўжэй пабыць у казачнай атмасферы, сярод цікавых людзей і такой прыгажосці.

Не менш цікава правялі час і ўдзельнікі абласной дабрачыннай ёлкі, якая прайшла ў Віцебскім Палацы спорту.

– У першы дзень для нас правялі незабыўную экскурсію па горадзе, – расказвае ўдзельнік свята, вучань чацвёртага класа Ушацкай школы Даніла Чумакоў. – Надоўга запомніцца тэатралізаванае прадстаўленне на лёдзе. Прыемным момантам было і атрыманне падарункаў.

Для многіх дзяцей 2010 год стаў запамінальным на падзеі. А рэспубліканская і абласная ёлкі краіны – самыя яркія з іх.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: удзельнік абласной ёлкі Даніла Чумакоў, рэспубліканскай – Крысціна Голубева і Галя Бурак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *