Такому эндаскапічнаму кабінету, як ва Ушацкай ЦРБ, пазайзросцяць многія рэгіянальныя медустановы. Ён абсталяваны сучаснымі бронха-, калана- і двума гастраскопамі, аўтаматызаванай дэзінфекцыйнай машынай, шафай для сушкі і захоўвання медабсталявання… Праведзеная не так даўно мадэрнізацыя дазволіла значна павысіць узровень аказання насельніцтву эндаскапічных паслуг. Прычым, чаргі на іх практычна не бывае – і гэта пры тым, што да нядаўняга часу медыкі абслугоўвалі яшчэ і жыхароў Докшыччыны. Аб працэдурах, якія хаця б раз у жыцці даводзіцца праходзіць многім, наша гутарка з урачом-эндаскапістам Ліліяй Ігараўнай АЎДОШКА (на здымку).
– Пачнём з простага: для чаго патрэбна эндаскапія?
– Яна дазваляе з дапамогай спецыяльных інструментаў без разрэзаў увайсці ў цела чалавека, вывучыць “абстаноўку” знутры, узяць матэрыял для абследавання (біяхімія робіцца ў любым выпадку!) і пры неабходнасці правесці простыя аперацыі – напрыклад, выдаліць паліп. На сённяшні дзень гэта самы дакладны метад выяўлення паталогій дыхальнай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракта, у тым ліку на ранніх стадыях.
Прывяду нядаўні прыклад. На гастраскапію да нас прыйшоў мужчына – выявілі не толькі эрозіі, але і анкалагічныя клеткі, прычым, яшчэ на ўзроўні слізістай абалонкі. Простымі словамі: рак яшчэ не паспеў укараніцца ў страўнік – і аператыўна праведзеная рэзекцыя органа дазволіла без прамянёвай тэрапіі і “хіміі” пазбавіць чалавека ад небяспечнага захворвання.
Навукоўцамі ўстаноўлена, што выяўлены на ранніх стадыях рак страўніка, як правіла, не дае рэцыдываў на працягу пяці і больш гадоў. Але ж сітуацыю, канечне, трэба кантраляваць.
– Да вас накіроўваюць іншыя ўрачы ці можна прыйсці па ўласным жаданні?
– За кансультацыяй можаце заходзіць. А вось для абследавання ў любым выпадку спатрэбіцца накіраванне ад профільнага спецыяліста (урача агульнай практыкі, педыятра, гастраэнтэролага, гінеколага і іншых), а таксама вынікі аналізаў, якія ён папярэдне параіць здаць.
Напрыклад, чалавека турбуюць болі і спазмы жывата, пах з роту, адрыжка. Хутчэй за ўсё яго адправяць на здачу біялагічнага матэрыялу і ультрагукавое абследаванне, якое можа паказаць, напрыклад, халецыстыт – звычайна ў такой сітуацыі можна абысціся без ФГДС. Калі ж паталогію пры УГД не выявяць, урач парэкамендуе паглядзець страўнік знутры.
– Ці часта пасля праведзенай біяпсіі ў жыхароў раёна выяўляецца рак?
– У асобныя месяцы пасля працяглага “зацішша” бывае адразу па два-тры выпадкі. Практычна для ўсіх пацыентаў такая навіна становіцца шокам, паколькі рак страўніка ці кішэчніка часта працякае без сімптомаў. Нічога не баліць, але чалавек можа рэзка схуднець, стаць нездаровага землянога колеру. Заўсёды звяртаем увагу на ўзровень гемаглабіну ў крыві: калі ён нізкі – ёсць верагоднасць развіцця анкалогіі. У “групе рызыкі” таксама пацыенты, у якіх выяўляем паліпы, унутрыклетачную дысплазію. Раім абследавацца і ў выпадку, калі ў блізкіх (бацькоў, братоў/сясцёр, дзяцей) быў рак.
– Многія баяцца “глытаць зонд”. Іншым чынам праверыцца нельга?
– Каб абследаваць страўнік, нярэдка прызначаюць рэнтген з кантрастам, МРТ ці капсульную эндаскапію новага пакалення (яе праводзяць у некаторых платных клініках), але поўнай карціны яны не даюць. Таму пасля стандартных аналізаў лепш адразу згаджацца на гастраскапію. Баяцца працэдуры не варта: яна непрацяглая, ды і пры правільным выкананні ўсё праходзіць бязбольна.
– А наркоз для гэтых мэт не прадугледжаны?
– Калі патрэбна толькі гастраскапія, хапае мясцовага абязбольвання. Калі ж робім больш складаную і працяглую па часе каланаскапію ці адразу некалькі абследаванняў (напрыклад, страўніка і кішэчніка), па жаданні пацыента запрашаем урача-анестэзіёлага. Ніякіх даплат за гэта не бярэцца! Ушачанам такі варыянт адназначна падабаецца. Многія прызнаюцца, што дарма баяліся: пакуль спалі, усё было выканана. Удакладню толькі: пасля такой працэдуры ненадоўга шпіталізуем чалавека, каб паназіраць за яго станам.
У эндаскапічным кабінеце заўсёды ідуць насустрач пацыентам. Калі некаму патрэбна тэрміновае абследаванне, знаходзяць у графіку на блішэйшы час свабодныя месцы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: “правая рука” ўрача-эндаскапіста, медсястра Вераніка Давідовіч.

