Помогает народная медицина. Как Лидия Дондарева справляется с болезнями с помощью трав

Калейдоскоп

Да Лідзіі Рыгораўны Дондаравай ехала як да добрай знаёмай. Яе батанічны сад у вёсцы Прудок, знаёмства з якім адбылося яшчэ ў 2009 годзе, застаўся ў памяці, як і сама палачанка з мясцовымі каранямі, якая столькі год змагаецца з хваробамі пры дапамозе траў, якімі і засадзіла свой прысядзібны ўчастак.

“Пасля перанесенага ў 20 год грыпу-іспанкі атрымала сур’ёзныя ўскладненні, пасівела ўся, разрастанне пазванкоў пачалося, ніколі не думала, што і да пенсіі дажыву, – расказвае жанчына, якая аднак і працавала не на лёгкіх участках – майстрам лесу. – Макрыцай тады ратавалася, яе і піць можна, і прыкладаць. Вельмі карысная расліна, якую мы пустазеллем лічым. У 2009 годзе медыкі настойліва раілі зрабіць аперацыю на сэрцы. Таксама адмовілася. У мяне ж глог (боярышник) ёсць, які хлебам для сэрца называюць. Праблемы з печанню сур’ёзныя паўсталі, і таблеткі таксама прымаю. Аднак мне вось ужо 88 і ў сілу траў я веру, як і раней”.

У бальніцах жанчына бывае ў выключных выпадках – ва Ушацкую ЦРБ восенню 2021-га яе даставілі без прытомнасці – каранавірус – і адразу падключылі да апаратаў. Выратавалі, і Лідзія Рыгораўна небеспадстаўна лічыць нашых дактароў вельмі добрымі спецыялістамі. Ад такога віруса немагчыма засцерагчыся, аднак дапамагаць арганізму трэба пастаянна, што яна і робіць.

Для зніжэння ціску вось ужо 30 год п’е адвары кацяняткі (котовник) – ім, а таксама яго родзічамі – мятай і мелісай засаджана не адна градка. Лафант ці ісоп лічыць біястымулятарам для ўсяго арганізму. З кветак акацыі робіць настойкі і выкарыстоўвае для націранняў суставаў. Як і з жывакосту, які вядомы яшчэ пад імем акопнік. У магоніі, што паляпшае састаў крыві і вядзе барацьбу з бактэрыямі, карысна абсалютна ўсё, ад ягад да карэнняў. Белы баркун (донник) – афіцыйна прызнаная лекавая трава, што зніжае ціск. А вось і раслінны антыбіётык – буквіца, адвары якой вельмі карысны ад кашлю.

Лідзія Рыгораўна па-ранейшаму можа падрабязна расказваць пра кожную са сваіх раслін. Многія з траўнікаў збіраюць іх па лясах і лугах, а ў яе яны даўно прыжыліся на градках. Канечне, перамены за 16 год, што мінула з першага падарожжа на гэту зацішную сядзібу, адбыліся прыкметныя. Ад плантацыі журавін, што была разбіта ў нізіне, давялося адмовіцца. Руж паменела – не хапае сіл у гаспадыні, як раней, кланяцца кожнай расліне. Сама, можна сказаць, пад наглядам нявесткі Веры Сяргееўны, якая і сочыць за агародам метадамі свекрыві. Па-ранейшаму ўскапаны нават сцяжыны, цяпліцы выкарыстоўваюць хіба для кавуноў. А з грэцкага арэха збіраюць не толькі плады, але і лісты – гэта прыродны антыаксідант.

Наўмысна не пыталася падрабязна пра рэцэпты, паколькі кожная расліна можа як дапамагчы, так і нашкодзіць. Трэба ўлічваць індывідуальны стан арганізма, параіцца з урачом, а таксама падрабязна азнаёміцца з ўласцівасцямі траў, якія прыгадала Лідзія Рыгораўна. Сама яна шмат чытала і чытае, многа пачэрпнула, напрыклад, з часопіса “Лекавыя пісьмы”. А на развітанне параіла мне сабраць хлеб для сэрца, прыгадаўшы, што не ўвесь глог лекавы, і што не менш карысныя і яго кветкі. Веру на слова, ну а салодкі смак чырвоных ягад з “сардэчнага куста” – прыемнае выключэнне з выразу, што ўсё карыснае – горкае.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *