Па інфармацыі райаддзела міліцыі, у верасні бягучага года на Ушаччыне ўзбуджана пяць крымінальных спраў.
Давер… на чатыры тысячы
Не перастаюць трапляць даверлівыя ўшачане на ўлоўкі махляроў. На гэты раз у ліку пацярпелых аказаўся малады чалавек, які меркаваў танна набыць два айфоны і бесправадныя навушнікі. Яго знаёмы паведаміў, што мае радню за мяжой, дзе ўсё пералічанае можна купіць за суму, эквівалентную ўсяго 4050 беларускіх рублёў. Наш зямляк перадаў яму грошы і чакаў, калі ўрэшце атрымае тавар. Вось толькі мужчына на званкі не адказваў і ў райцэнтр не прыязджаў… Пацярпелы звярнуўся з заявай у міліцыю.
Нечаканы “госць”
Хто з сакавіка па верасень незаконна пажывіўся па адным з адрасоў у вёсцы Усвіца, пакуль невядома. Сарваўшы прабой навяснога замка, злодзей пранік у дом, адкуль выкраў электраабагравальнік, медны кабель, падаўжальнік і сувенірны меч на агульную суму 1375 рублёў.
Незаконны арсенал
захоўваў на сваёй дачы ў Лагавых жыхар Полаччыны. Выяўленыя 40 вінтовачных патронаў заводскай вытворчасці мужчына набыў на малой радзіме. А для якіх патрэб прывёз у наш раён, высвятляецца.
Адзін удар – сур’ёзная адказнасць
Праблемы з законам зарабіў сабе дагэтуль несудзімы жыхар райцэнтра. Вечарам за здзейсненае ў стане алкагольнага ап’янення адміністрацыйнае правапарушэнне яго даставілі ў райаддзел міліцыі. Там малады чалавек ударыў нагой праваахоўніка, які праходзіў міма. Як пазней прызнаўся, не думаў, што падобнае кваліфікуецца як насілле ці пагроза яго прымянення ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў і цягне крымінальную адказнасць. Санкцыя адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Парушальнік спрабаваў апраўдацца нецвярозасцю. Вось толькі падобнае, нагадваюць у РАУС, наадварот, толькі абцяжарвае віну.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

