
З 1 верасня беларускія вучні пачынаюць школьны дзень не толькі з візіту ў гардэроб, а і з паходу да шафаў, у якіх на час заняткаў павінны пакінуць свае мабільнікі. Такое рашэнне прынята Міністэрствам адукацыі, каб стымуляваць самастойнае мысленне і інтарэс да жывых зносін, ухіліць фактары, што адцягваюць ад вучобы і правакуюць нервовыя паводзіны. Канечне, няпроста прывыкаць да абмежаванняў – нават маючых канструктыўную мэту. Праблемы і казусы ўзнікаюць. Іх маляўніча апісваюць у сацсетках, іншы раз яўна перабольшваюць, прагназуючы ледзь не пагромы школ раз’юшанымі “айфонаманамі”…
А як укараняецца новаўвядзенне ва ўстановах нашага раёна? Напрыканцы першай чвэрці ўжо можна падвесці пэўныя вынікі, што мы і паспрабуем зрабіць разам з удзельнікамі рэдакцыйнага “Клуба юных рэпарцёраў”.
Клас, дзе апярэдзілі час
А найперш раскажам пра 7 “Б” клас Ушацкай школы, дзе неафіцыйны “пілотны праект” рэалізуецца ўжо не першы год. Калі настаўніку Алене Васільеўне Ціханавай даручылі класнае кіраўніцтва ў пяцікласнікаў, яна прапанавала дзецям на час заняткаў пакідаць мабільнікі ў шафе ў аўдыторыі. Ідэю абмеркавалі з бацькамі і адобрылі большасцю галасоў. “У першыя месяцы некаторыя “шустрыкі” на перапынках спрабавалі цішком дастаць тэлефон, аднак з цягам часу падпарадкаваліся агульнаму правілу. Зараз я магу засведчыць, што ні ў аднаго з маіх сямікласнікаў няма яўнай залежнасці ад гаджэтаў, – зазначае Алена Васільеўна. – А наш 7 “Б”, як самы надзейны і дысцыплінаваны клас, атрымаў сёлета прывілею: загадам дырэктара вучням дазволена захоўваць тэлефоны ў класе, тады як астатнія змяшчаюць іх у скрыні на ўваходзе”.

Мы вырашылі паглядзець, чым займаюцца дзеці на перапынках. “Алена Васільеўна прапанавала нам прыносіць з сабой настольныя гульні, рэчы для сваіх захапленняў. Мы збіраем канструктары, робім алмазныя вышыўкі – дарэчы, гэта мой любімы занятак”, – расказала нам Аня Дуброўская. У партфелі заўзятага аматара чытання Тані Ражноўскай апроч падручнікаў ляжаць і мастацкія кніжкі. У дзень нашага візіту дзеці расклалі на стале чорна-белыя дошкі: у шашках і шахматах цяпер добра арыентуецца не толькі прызёр абласных спаборніцтваў Дзяніс Свірко, а і яго таварышы. “Дзелімся цікавымі гісторыямі, нешта абмяркоўваем, плануем будучыя экскурсіі. Вось толькі што былі ў Магілёве, а ў лістападзе паедзем у Віцебск на спектакль “Несцерка”, – з імпэтам патлумачыў Мікіта Казак. “А яшчэ на перапынках часта ўключаем караоке і хорам спяваем “Сланечнік” і іншыя песні нашага любімага гурта “Дразды”, – далучыліся да размовы Аня Бехава і Арына Карэйша. – Увогуле пра тэлефоны на працягу дня нават не ўспамінаем!”.
Пры гэтым класны кіраўнік заўсёды на сувязі з бацькамі, і калі раптам узнікла праблема – нехта сябе дрэнна адчувае, нешта згубіў ці забыўся дома, збіраецца затрымацца пасля ўрокаў – Алена Васільеўна сама ім пазвоніць. Калі ж вучням трэба паведаміць родным штосьці асабістае – настаўнік дазволіць узяць тэлефон.
Усё пад кантролем!
Відавочна, што эксперымент у гэтым класе аказаўся ўдалым. А як адаптуюцца тыя, хто яшчэ летась нават на ўроках не выпускаў мабільнік з рук? Ва Ушацкай школе металічныя шафы для іх устаноўлены побач з уваходам. Штораніцы працэс кантралююць два настаўнікі, якія нагадваюць дзецям, што трэба завярнуць да ячэек, сочаць, каб не ствараліся чэргі. Непасрэдна ля скрынь дзяжурыць педагог-арганізатар Крысціна Якавенка. Яна ж адчыняе ячэйкі пасля ўрокаў, а калі вучню трэба пакінуць школу раней (напрыклад, для візіту ў паліклініку), пра гэта лепш загадзя яе папярэдзіць. Зрэшты, і пры “пазаштатнай” неабходнасці знайсці дзяжурнага нескладана: ёй патэлефануе работнік на вахце.
“Лічу, што мы спраўляемся. Адміністрацыя школы пастаянна трымае пытанне на кантролі. У першыя дні верасня падыходзілі некаторыя бацькі, каб пераканацца, што мабільнікі (а ў многіх вучняў дарагія мадэлі) захоўваюцца надзейна: пазнаёміліся з сістэмай, убачылі паўсюль відэакамеры – і перасталі хвалявацца. З дзецьмі значных праблем і канфліктаў таксама не было, а з парушальнікамі школьнага раскладу праводзім тлумачальную работу”, – зазначае Крысціна Марысаўна.
Пераадолець інерцыю
Так, школьнікі па-рознаму перажываюць разлуку з тэлефонам. Некаторыя ўшацкія старшакласнікі шчыра прызналіся, што гэта іх засмуціла. Маўляў, нам далей жыць у лічбавым свеце, і пазбаўленне электронных прылад – крок у мінулае. Але большасць вучняў ставяцца да новых правілаў спакойна. “Першы месяц, бывала, пасля званка па інерцыі лезлі ў рукзакі за тэлефонамі… А зараз ужо прывыклі: вучні гуляюць па школе, сталі больш размаўляць адзін з адным”, – дзеляцца назіраннямі ўдзельніцы “Клуба юных рэпарцёраў” Злата Клімашэўская і Ксенія Дукмасава.
Відавочна, што ў вясковых установах укараніць сістэму было прасцей. Пачынаючыя журналісты Уладзіслаў Аўтух і Сцяпан Верхалазаў расказваюць, як арганізаваны працэс у Арэхаўскай школе: “Для нас гэта зусім не навіна: і раней складвалі мабільнікі ў класах і карысталіся імі толькі з дазволу настаўніка. Шафу ў фае ўстанавілі напрыканцы мінулага навучальнага года, і мы хутка да яе прывыклі. Няма праблем і з тым, каб забраць мабільнік пры важнай патрэбе: проста падыходзім да класнага кіраўніка, дырэктара ці завуча. На перапынках жа ў нас заўсёды ёсць чым заняцца, але па-за канкурэнцыяй – настольны тэніс”.

Не развучыцца думаць
А што думаюць пра мабільнікі ў школах нашы землякі? Калі мы задалі гэтае пытанне ў тэлеграм-канале “Патрыёта”, каля 80 працэнтаў рэспандэнтаў згадзіліся, што ў той ці іншай форме абмежаванні патрэбны: пры гэтым 24% цалкам адабраюць забарону, 38% жадалі б, каб дзеці не маглі карыстацца прыладамі ў час урокаў, 17% лічаць, што “плюсаў” ад рэформы больш, чым “мінусаў”.
Наталля Сакалова: “Дзеці з нашай сям’і гэту змену нават не заўважылі! Мы, як толькі набылі ім тэлефоны, устанавілі дадатак “Фэмілі Лінк”, што абмяжоўвае час карыстання. Ліміт на дзень – паўтары-дзве гадзіны, але калі, напрыклад, малодшай трэба папрактыкавацца з табліцай множання, а старэйшым зрабіць пераклад па замежнай мове – дадаем мінут па 20. Цалкам пазбавіць школьнікаў гульняў і зносін у тэлефоне ў наш час – гэта не варыянт, а такім чынам можна дапамагчы ім “не ўвязнуць” у віртуальным свеце. А яшчэ хачу падкрэсліць, што і ў нашых з мужам мабільніках няма гульняў: калі з дзяцей патрабуем, то і самі павінны быць прыкладам”.
Дзіна Садоўская: “Рашэнне Мінадукацыі – цалкам правільнае. Дзеці не толькі набываюць залежнасць, а і развучваюцца самастойна думаць, бо ўпэўнены, што любое рашэнне ім падкажа інтэрнэт. А калі хтосьці з бацькоў перажывае за захаванасць дарагіх мабільнікаў ці за тое, што вучням даводзіцца губляць час, каб пакласці і забраць іх з ячэйкі, то ёсць добры варыянт: пакідаць тэлефоны дома. Мае сыны, дарэчы, менавіта так і робяць”.
Наталля БАГДАНОВІЧ
