7 ноября — День Октябрьской революции. Воспоминаниями делится последний первый секретарь Ушачского РК КПБ, ПКБ Александр Кухта

Калейдоскоп

Паважаныя землякі!
Віншую вас з 108-й гадавінай
Вялікай Кастрычніцкай
Сацыялістычнай Рэвалюцыі!
Кастрычніцкая рэвалюцыя дазволіла нам усім не быць халопамі, а людзьмі звацца. Са святам! Здароўя, поспехаў, дабрабыту вам і вашым сем’ям, мірнага неба!

Што прынесла нам Кастрычніцкая рэвалюцыя? Што дала Камуністычная партыя? Адказваючы на гэтыя пытанні зараз, калі па сто разоў усё ўзважваеш і становішся менш катэгарычным, тым не менш спыняешся на тым, у чым быў перакананы і раней – роўнасць правоў для ўсіх грамадзян. Сваё меркаванне пацверджу невялікім экскурсам у гісторыю мястэчка Кублічы і сваёй сям’і.

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі яно было тыповым яўрэйскім паселішчам, дзе ў асноўным займаліся рамесніцтвам, гандлем. У розных крыніцах у Кублічах узгадваецца ад 14 да 27 крам. Пры сінагогах існавалі рэлігійныя школы – хедэры – для дзяцей заможных яўрэяў. А ў 1861-м пачала сваё існаванне Кубліцкая царкоўна-парафіяльная школа, дзе навучалася 35 навучэнцаў. Працаваў з усімі вучнямі адзін настаўнік. Асноўным прадметам быў Закон Божы, а таксама выкладаліся руская мова, арыфметыка, гісторыя, геаграфія. Навучанне было платнае, таму школу наведвалі толькі дзеці заможных сялян. Пасля рэвалюцыі яе ператварылі ў пачатковую двухкамплектную, у 1930-м – у сямігадовую школу калгаснай моладзі, а ў 1936-м – у сярэднюю, у якой выкладалі 18 настаўнікаў і займаліся 240 вучняў.

Прыходу Савецкай улады ў Кублічах ніхто не перашкаджаў. Памешчык уцёк, а найбяднейшае сялянства ў новай уладзе бачыла светлую будучыню і ўсяляк падтрымлівала яе. Першымі абраннікамі народнай улады сталі камуністы Данііл Адамавіч Стрыжонак, Сцяпан Леантавіч Андрэйчык, Анатоль Кулак. Паступальнае развіццё новага строю прыпыніла нямецкая інтэрвенцыя, а 23 лістапада 1918 года адбыўся сход жыхароў Кубліцкай воласці Лепельскага павета, на якім прысутнічала каля 2000 чалавек. Тады быў заснаваны Кубліцкі рэвалюцыйны камітэт, якому падпарадкоўвалася пяць сельскіх Саветаў. Старшынёй абралі Д.А.Стрыжонка.

А потым пачалася Белапольская інтэрвенцыя, якой спадарожнічалі разбой, рабаванні, забойствы, голад. Па даносе селішчанскага ксяндза расстралялі А.Кулака. У кастрычніку 1919 быў заключаны дагавор з Польшчай. Вярнуўся з фронту Д.Стрыжонак і быў зноў абраны старшынёй Кубліцкага рэўкама, працягнуў працу ў ваенным аддзеле Іван Булаўскі (у гады ВАВ – камісар атрада брыгады Дубава, які па-геройску загінуў у 1944-м).

А потым наступіў НЭП (1921-1929). Уладзімір Ленін зацвердзіў новую эканамічную палітыку, заснаваную на таварна-грашовых адносінах, якая спрыяла прыватніцкай ініцыятыве і дабрабыту насельніцтва. Як казала мая мама, ураджэнка Адворыцы Фёкла Рыгораўна Падворная, гэта быў лепшы час для сялян. У Кублічах па суботах працаваў рынак, на які прыязджалі ленінградскія кааператары. На лён, воўну, бульбу, зерне яны ўстанаўлівалі закупачныя цэны, хоць на капейку, аднак вышэй за тыя, што існавалі на мясцовым кірмашы. Сяляне здавалі свой тавар, а потым у крамах набывалі ўсё неабходнае для ўжытку. У 1924 годзе сельскія Саветы ўзбуйнілі, зацвердзілі Ушацкі рэўкам, першым старшынёй абралі В.У Кучаронка.

Пачыналася калектывізацыя. У Кублічах свабодных ворыўных зямель не хапала і для арганізацыі сваёй гаспадаркі яўрэйскаму насельніцтву прапанавалі землі пана Сушынскага. Так утварыўся калгас Новае Жыццё. Але эксперымент не атрымаўся, а назва гаспадаркі, ды і населенага пункта захавалася.

Хачу дабавіць яшчэ адзін прыклад пра даступнасць зямлі. Новая ўлада дала яе кожнаму селяніну, а што было да гэтага? Калі ты не пан, то таксама мог мець надзел, але не бясплатна. Мой прадзед, каб займець паўтары дзесяціны (каля 2,5 гектара), 25 гадоў праслужыў у войску рэкрутам і толькі пад 50 стварыў сям’ю. Нарадзілася чатыры сыны, якім гэтага надзелу не хапала. Трое з іх накіраваліся на работы на Данбас і высылалі грошы старэйшаму, майму дзеду Рыгору, такім чынам сям’я выкупіла ажно 11 дзесяцін.

І яшчэ адзін прыклад пра развіццё. Адукаваных кадраў не хапала, а па вёсках адчыняліся дзіцячыя сады. Мая мама была загадчыцай Весніцкага. Яна мела чатыры класы царкоўна-прыходскай школы, а ў дадатак прайшла ў райцэнтры скарочаныя профільныя курсы, якія спецыяльна стварылі для загадчыкаў садкоў. Дарэчы, менавіта адукацыю яна лічыла лепшым скарбам, і ўсе трое яе дзяцей скончылі ВНУ, а мой брат яшчэ і аспірантуру.

Апошні першы сакратар Ушацкага РК КПБ, ПКБ Аляксандр КУХТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *