“А вы зможаце прыгатаваць для нас дранікі? Усе ведаюць, што гэта нацыянальная беларуская страва, цікава будзе яе прадэгуставаць!” – такую просьбу нярэдка чуе загадчык кафэ “Тайм-Аўт” Аксана Мацкевіч, калі загадзя абгаворвае меню з кіраўнікамі расійскіх спартыўных дэлегацый, што прыязджаюць на зборы на наш комплекс “Юнацтва-Ушачы”. Харчаванне – надзвычай важны кампанент, па якім у гасцей складаецца агульнае ўражанне аб прабыванні ў раёне і краіне, і калі карміць будуць нясмачна – гэта перакрэсліць усе іншыя плюсы. І наадварот: каларытныя стравы могуць стаць тым яркім момантам, які заахвоціць зноў прыехаць у гасцінную Беларусь.
Ва Ушачах гэта добра разумеюць, таму ў кафэ новага інтэрната для спартсменаў сёлета распрацавана меню нацыянальнай кухні. Прапануюць яго не толькі прыезджым. Так, на кулінарным фэсце, што ладзіўся ў праграме сёлетняга Дня горада, работнікі “Тайм-Аўта” прэзентавалі цэлую лінейку адмысловых беларускіх страў: прыгатавалі для гасцей свята дранік па-панску і бабку са свінінай, мачанку і печанёўку, наліснікі з тварагом ды ягадамі і булачкі-рэзнікі ў смятане (на здымку).
Ужо з вясны для наведвальнікаў кафэ некаторыя нацыянальныя стравы гатуюць па папярэднім заказе, ну а з цяперашняга часу ў гэтай кропцы па серадах будзе праходзіць Дзень беларускай кухні. “У меню комплексных абедаў наведвальнікі ўбачаць ушацкія клёцкі і бульбяныя аладкі з мясам, квашаную капустку, поліўку і іншыя свойскія прысмакі. Пакуль паспрабуем гатаваць некалькі самых распаўсюджаных беларускіх страў, будзем вывучаць запыты кліентаў і, магчыма, дадаваць нешта іншае”, – расказвае Аксана Мацкевіч.
“Упэўнены, што гастранамічны напрамак у развіцці турыстычнай сферы ў нашым раёне абавязкова трэба развіваць. У прыватнасці, ёсць планы па абсталяванні ў беларускім стылі абедзеннай залы ў памяшканні спарткомплексу, дзе раней размяшчалася кафэ. Разглядаем і іншыя ідэі”, – падзяліўся з намі загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак.
Беларуская кухня – каштоўная спадчына, што дасталася нам ад продкаў, частка нашай культуры, якую мы мусім з гонарам дэманстраваць усяму свету.
Наталля БАГДАНОВІЧ

