Па інфармацыі райаддзела міліцыі, у кастрычніку бягучага года на Ушаччыне ўзбуджана сем крымінальных спраў. Большасць з іх – традыцыйна крадзяжы.
Дзіўная тэхніка падвяла
Сур’ёзнымі непрыемнасцямі скончыўся візіт на Ушаччыну для жыхароў сталіцы. Для вандровак па вуліцах раёна мужчыны абралі дзіўны для цяперашняй пары года транспартны сродак – снегабалотаход. На аўтадарозе Загор’е-Мосар вадзіцель, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у левы па ходзе руху кювет, дзе наляцеў на дрэва. Як вынік – пасажыр атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні і быў шпіталізаваны, а ў адносінах вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа.
Не па-суседску
Жыхар райцэнтра 1967 года нараджэння задаволіў сваю крымінальную цікавасць, прабраўшыся “падшафэ” ў чужую гаспадарчую пабудову. Прычым, далёка не пайшоў – прыгледзеў практычна па-суседстве: ля аднаго з дамоў па вуліцы Калінінскай. Замок на дзвярах праблемай не стаў, а ўнутры было чым пажывіцца. У два заходы зламыснік вынес накавальню, слясарныя ціскі, электрадрыль, чатыры камбінаваныя ключы і іншыя рэчы на агульную суму 410 рублёў.
Крымінальны бумеранг
У ліку пацярпелых аказаўся нядаўна жыхар Угрынак, які сам у свой час “абчысціў” на Ушаччыне не адзін дом і панёс за гэта заслужанае пакаранне. Цяпер жа ў яго “прыбралі” металашукальнік коштам 175 рублёў. Як устанавілі праваахоўнікі, паклала вока на такую маёмасць ужо судзімая ўраджэнка Лепельшчыны, якая зараз пражывае ў нашым раёне.
Веласіпеду “зрабілі ногі”
Цяпер застаецца толькі марыць пра ціхія вандроўкі на сваім веласіпедзе жыхарам адной з кватэр шматпавярхоўкі па вуліцы Фрунзэ. Гаспадары не паклапаціліся пра надзейную ахову маёмасці і без усялякіх замкоў пакінулі транспартны сродак коштам 300 рублёў у пад’ездзе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

