Ушачане не перастаюць трапляць на ўлоўкі інтэрнэт-махляроў. Так, праз мэсанджар “Viber” з мужчынам звязаўся нібыта супрацоўнік органаў унутраных спраў, які настойліва рэкамендаваў (і нават пагражаў за невыкананне) перавесці наяўныя на банкаўскай картцы грошы на ўказаны ім рахунак. Як вынік – наш зямляк пазбавіўся 2,5 тысячы рублёў.
А вось сям’я з райцэнтра сама запрасіла да сябе махляроў. Адбылося гэта, канечне, выпадкова. Запланаваўшы дома рамонт, людзі звязаліся са сталічнай фірмай, якая займаецца вырабам і ўстаноўкай корпуснай мэблі, і пасля праведзеных яе спецыялістам замераў, заключэння дагавору ўнеслі 50 працэнтаў кошту будучай кухні. Было гэта яшчэ ў студзені бягучага года – але ж чаканай абноўкі ва ўшачан няма дагэтуль, як і іх 4530 рублёў. Па ўзгаданым факце ў адносінах прыватніка ўзбуджана крымінальная справа. Дарэчы, ужо не першая: падобных нявыкананых заказаў з узяццем перадаплаты на агульную суму каля 70 тысяч рублёў у яго назбіралася не менш васьмі па ўсёй краіне.
Ушацкі РАУС

