Ва Ушацкім райаддзеле міліцыі ва ўрачыстай абстаноўцы прайшла цырымонія прынясення прысягі для ўступлення ў беларускае грамадзянства. У вернасці краіне пакляліся да нядаўняга часу ўкраінцы, а зараз жыхары аграгарадка Ільюшына Сяргей Гнілеўскі і Ларыса Белік.
Муж і жонка перабраліся ў Беларусь год таму з Данеччыны. З марай пра мірнае неба над галавой адразу ехалі на Ушаччыну – запрасіла родная сястра мужчыны Ганна, якая ў свой час жыла і працавала на Украіне. У Ільюшыне сям’і выдзелілі арэнднае жыллё – прасторную чатырохпакаёвую кватэру, у якой зараз актыўна абжываюцца. На будучы год мяркуюць нават невялікую падсобную гаспадарку завесці – у сяле Плюшчэеўка заўсёды яе трымалі. Мараць таксама пра ўласны аўтамабіль – каб і да Ушач пры патрэбе дабрацца, і на работу пад’ехаць. Так, абое працаўладкаваліся: Ларыса Пятроўна, былы прадавец – цяпер малодшы медыцынскі работнік у санаторыі “Лясныя азёры”, а колішні чыгуначнік Сяргей Яўгенавіч хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, спраўляецца з функцыямі дворніка.
Ці складана было кардынальна змяніць жыццё? Маральна – канечне, бо на Данеччыне засталіся блізкія, практычна ж – не: у Беларусі хутка знаходзіліся памочнікі ў вырашэнні любых пытанняў.
– Я па-сутнасці на сваю радзіму вярнуўся, – прызнаўся галава сямейства. – Нарадзіўся і вырас у Талачынскім раёне, працаваў вадзіцелем, механізатарам у аграрнай сферы. Калі ж у 1979-м сястра пахвалілася заробкамі ў суседняй краіне, вырашыў рызыкнуць, а там і грамадзянства аформіў, сям’ю стварыў… Але ж у Беларусь мяне цягнула заўсёды.
– Мы вельмі чакалі атрымання беларускага грамадзянства, – далучылася да размовы Ларыса Пятроўна. – Нам падабаюцца краіна і народ, адэкватнае кіраўніцтва і мір – што яшчэ для жыцця патрэбна?!
Са знакавай падзеяй сямейную пару павіншаваў начальнік Ушацкага РАУС Віталь Карэнскі. Новыя грамадзяне зачыталі тэкст прысягі, паабяцалі захоўваць і паважаць Канстытуцыю, абараняць незалежнасць краіны і быць патрыётамі. А калі гучаў гімн Беларусі, нават праслязіліся.
– Усяго на нашым уліку знаходзіцца 243 іншаземца, – адзначыла старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяна Бандарэнка. – Двое сёння сталі паўнапраўнымі грамадзянамі краіны. Яшчэ некалькі плануюць гэта зрабіць у самы бліжэйшы час. Таму нагадаю: усе, хто мяркуе атрымаць грамадзянства Беларусі, павінны здаць тэсціраванне на веданне адной з дзвюх дзяржаўных моў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

