В Ушачах прошла осенняя ярмарка

Общество

У суботу прайшоў традыцыйны восеньскі кірмаш, на паўдня плошча гарпасёлка ператварылася ў гандлёвыя рады. Хоць усё можна набыць у магазінах, ушачане спяшаліся зрабіць пакупкі менавіта на кірмашы. Як звычайна, ён распачаўся раней, яшчэ да 9 гадзін многія паспелі набыць штосьці для сябе патрэбнае. Так было заўсёды, каб паспець купіць лепшае і неабходнае, людзі прыходзяць загадзя. 
Нескладана было прадбачыць, чый тавар будзе найбольш запатрабаваным – самая вялікая чарга выстраілася за прадукцыяй ПУП “Сарочына”: купіць кілаграм мяса тут можна было за 30 тысяч рублёў. Хоць і па даражэйшым кошце, але разыходзілася і ялавічына, якую прапаноўваў пакупнікам “Райаграсэрвіс”.
Тыя, хто яшчэ не паспеў запасціся на зіму агароднінай, бульбай, зернем, маглі зрабіць гэта на кірмашы – як заўсёды, шырокі асартымент сельгаспрадукцыі прапаноўвалі прадпрыемствы раёна. Дарэчы, сёлета бульба карысталася, напэўна, найменшым попытам. Другі хлеб беларускіх сартоў прадавалі два сельгаспрадпрыемствы: “Кублічы” і “Агра-Селішча”. 
Больш актыўна ўшачане куплялі зерне, у залежнасці ад культуры гаспадаркі прапаноўвалі яго за 800-1500 рублёў за кілаграм. Спяшаліся пакупнікі запасціся і капустай, купіць саджанцы садовых дрэў.
Асобна вылучаліся, як заўсёды, упрыгожаныя палаткі нашага райспажыўтаварыства, дзе можна было купіць свежыя хлебабулачныя вырабы, тарты і іншыя тавары, ну а, зрабіўшы пакупкі, прысесці за столікам і паспытаць шашлыкоў.
Уласныя вырабы з саломкі, бісеру, тканіны прадставілі сёлета на кірмашы ўшацкія майстры.
Свае тавары нашым пакупнікам прапанавалі і гандлёвыя прадпрыемствы горада Полацка.
Вясёлага настрою ўдзельнікам кірмашу дадала наладжаная работнікамі культуры сумесна з сельскімі мастацкімі самадзейнымі калектывамі забаўляльная праграма з вясёлымі песнямі, прыпеўкамі, жартамі.
Вядома, патрэбы кожнага чалавека задаволіць цяжка, тым не менш, абсалютная большасць людзей вярталася з кірмашу з пакупкамі.
В.ПОЛАЗАВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *