За плохое поведение — ремень? Тема насилия в отношении детей, к сожалению, не теряет актуальности

Общество

Штогод у свеце 1,2 мільярда дзяцей з першых месяцаў жыцця і да 18 гадоў падвяргаюцца дома цялесным пакаранням. Услед за крыўднымі словамі ў ход ідуць падпатыльнікі, а там і рамень з кулакамі. Падчас нядаўняга апытання, якое праводзіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя, 17 працэнтаў непаўналетніх прызналіся, што рэгулярна атрымліваюць ад бацькоў моцныя ўдары па галаве. Даводзіцца канстатаваць, што самыя блізкія людзі, якія павінны быць першымі абаронцамі сваіх сыноў і дачок, часта ператвараюцца для іх у крыніцу болю, пакут і псіхалагічнага прыніжэння.

Траўма ў спадчыну
На жаль, ёсць такія факты і на Ушаччыне. Па інфармацыі райаддзела міліцыі, сёлета ў адносінах двух мужчын, якія прымянілі фізічную сілу да нашчадкаў, складзены адміністрацыйныя пратаколы па ч.1 арт. 10.1 КаАП Рэспублікі Беларусь (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання, якое не пацягнула кароткачасовага расстройства здароўя або нязначнай стойкай страты працаздольнасці).

Так, мнагадзетны бацька не змог стрымаць эмоцый, калі даведаўся, што яго старэйшы сын хуліганіць у школе, курыць вэйпы. Мог, канечне, паругаць, расказаць пра небяспеку курэння, але ж паступіў інакш: схапіў шнур ад зараднай прылады і ўдарыў хлопца. На наступны дзень той паскардзіўся на гэта настаўнікам, прадэманстраваўшы характэрныя сляды на сваёй спіне, і адмовіўся вяртацца дамоў. Галава сямейства атрымаў тады адміністрацыйны пратакол, а падлетак паехаў на некаторы час да цёткі ў Полацк.

Эльвіра Трафімава, супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС:
– Назваць гэтага хлопца злосным хуліганам будзе няправільна: неяк на перапынку сваволілі з аднакласнікамі – і ён перайшоў у гэтым межы, у другі раз з таварышамі паспрабаваў выпіць – вось і трапіў на ўлік інспекцыі. У зносінах ён цалкам адэкватны, стрыманы. Здзейсненае ж – хутчэй з-за няўмення правільна рэагаваць на праблемы, якія ў сям’і дакладна ёсць, стрымліваць эмоцыі. У такім выпадку пытанняў больш да дарослых…

У другім выпадку ў поле зроку праваахоўнікаў жыхар раёна трапіў з падачы сваёй былой жонкі. Пасля разводу іх сын, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця, застаўся з ёй. Бачыцца з дзіцем мужчына толькі па выхадных – і ў адну з такіх сустрэч нечакана для самога сябе “зарабіў” адміністрацыйны пратакол. Трохгадовы малыш знайшоў дзесьці слоічак ад хлоргексідзіну і пачаў з ім гуляць. Тата гэта не ўпусціў – адабраў небяспечную “цацку”, выклікаўшы тым самым у сына істэрыку. Той не ўнімаўся – і ўшачанін некалькі разоў стукнуў яго далонню па попе. Здавалася б, нічога крыўднага – проста выхаваўчы момант (спецыялісты рэкамендуюць у такіх выпадках паступаць інакш, без прымянення фізічнай сілы: паставіць у кут, часова забраць тэлефон, не пусціць да сяброў – пры гэтым абавязкова патлумачыць, што стала таму прычынай). Але ж калі пра гэта даведалася маці хлопчыка, узніклі праблемы: жанчына настойвала і крымінальную справу ў адносінах экс-мужа ўзбудзіць, і бацькоўскіх правоў яго пазбавіць.

Наталля Лісічонак, псіхолаг Ушацкай цэнтральнай райбальніцы:
– Вельмі часта дзеці становяцца ахвярамі недавырашаных, праблемных адносінаў паміж бацькамі. Бывае, мужчына п’е, па доме нічога не робіць, а яго “другая палавіна”, якая баіцца ўслых выказаць прэтэнзіі, вымяшчае злосць на нашчадках. Праяўляцца гэта можа самым розным чынам: фізічным пакараннем за любую правіннасць, псіхалагічным ціскам з абразамі, крытыкай, пагрозамі… Падобнае ніколі не праходзіць бясследна! Самаацэнка непаўналетняга падае, у пастаяннай стрэсавай сітуацыі мяняюцца паводзіны – ён можа замыкацца ў сабе, прапускаць заняткі ў школе ці актыўна праяўляць сябе з негатыўнага боку (па прыкладзе блізкіх).

У райаддзеле міліцыі нагадваюць: бацькі могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за катаванне, прычыненне цялесных пашкоджанняў, пакіданне ў небяспецы сваіх непаўналетніх дзяцей.

Сваё чужое гора
Актуальнай на Ушаччыне застаецца праблема атрымання непаўналетнімі так званай “траўмы сведкі”. Яна ўзнікае ў тых, хто сам не перажывае насілле, аднак назірае за ім і церпіць ад гэтага не менш. Прывядзём прыклад: галава сям’і сістэматычна выпівае, устройвае скандалы з жонкай. Хаця ўсё адбываецца за “зачыненымі дзвярыма”, дзіця ўсё чуе, адчувае сваю безудзельнасць, не ведае, як на падобнае рэагаваць, бо любіць і маму, і тату… Як адзначаюць спецыялісты, вельмі часта такая мадэль паводзін у сям’і становіцца для непаўналетняга нормай – і ўжо ў дарослым жыцці ён сам гэта паўтарае: становіцца агрэсарам ці ахвярай дамашняга насілля.

Алеся Дукмасава, псіхолаг ТЦСАН Ушацкага раёна:
– На сённяшні дзень на Ушаччыне – 10 сямей, становішча ў якіх прызнана для 33 непаўналетніх сацыяльна небяспечным. У шэрагу выпадкаў прычынай іх траплення на ўлік сталі “напружаныя” адносіны паміж дарослымі – ім у абавязковым парадку прапануем дапамогу (ёсць нават спецыяльная праграма па рабоце з агрэсарамі). Вось толькі ідуць на гэта, на жаль, толькі адзінкі.

Часта даводзіцца сутыкацца суб’ектам прафілактыкі і з фактамі булінгу непаўналетніх.
Здзекваюцца з іх – маральна і фізічна (ва Ушачах былі выпадкі, калі піхалі, плявалі, па верхнім адзенні ў гардэробе тапталіся) – звычайна аднагодкі. Нагода для гэтага магла быць самая розная: хлопец ці дзяўчына больш сціпла апранаюцца, маюць асаблівасці ў знешнім выглядзе, з’яўляюцца выдатнікамі… Для прафілактыкі падобнага педагогі, псіхолагі праводзяць значную работу з самімі непаўналетнімі (агрэсарамі і пацярпелымі), іх бацькамі.

Рукі прэч ад дзяцей!
Рэгіструюцца ў нашай краіне і злачынствы супраць палавой недатыкальнасці, палавой свабоды непаўналетніх – за апошнія пяць гадоў іх колькасць перавысіла 3,5 тысячы. Амаль кожнае чацвёртае дзіця выхоўвалася ў нядобранадзейнай сям’і. Што самае страшнае, часта ўчынялі такія дзеянні блізкія і знаёмыя пацярпелых. Распаўсюджана педафілія таксама ў сетцы Інтэрнэт.

Практычна штогод крымінальныя справы па арт. 168 КК Рэспублікі Беларусь (палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту) узбуджаюцца і на Ушаччыне. Насіллем у прамым сэнсе гэтага слова такія факты наўрад ці назавеш, бо ўсё адбывалася добраахвотна, але ж адэкватна прымаць такія “дарослыя” рашэнні зусім юныя дзяўчаты проста не маглі.

Алеся Крывёнак, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама:
– У нашай краіне распрацаваны Нацыянальны механізм аказання дапамогі непаўналетнім, якія пацярпелі ад сэксуальнага насілля. Па ім зараз працуюць усе суб’екты прафілактыкі. Усюды ёсць рэгіянальныя карты дапамогі – з адрасамі, кантактнымі нумарамі і графікам работы ўстаноў, у якія можна звярнуцца юным ахвярам, іх бацькам. Не саромейцеся: уся інфармацыя застанецца канфідэнцыяльнай. Спасылку на карту Ушацкага раёна можна знайсці на сайце райвыканкама ў раздзеле “Жыхарам”, падраздзеле “Прафілактыка насілля, а таксама на афіцыйных старонках устаноў адукацыі. Там жа ёсць карысная інфармацыя аб паслугах часовага прытулку, нумары рэспубліканскіх “тэлефонаў даверу”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *