
Тры выхаванкі Ушацкай СДЮШАР пачалі гэты навучальны год у спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах краіны. Так, навучэнкай Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву стала юная лёгкаатлетка Ірына Зубко, якая раней займалася ў трэнера Віталя Бутоўскага. Спецыялісты лічаць яе вельмі перспектыўнай.
А вось нашы дзюдаісткі Ангеліна Алексяёнак і Уладзіслава Цюкала цяпер будуць удасканальваць сваё майстэрства ў Дзяржаўным абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Плешчаніцах. Дзяўчаты ўжо няблага асвоіліся ва ўстанове і паспелі праявіць сябе на спаборніцтвах, якія днямі праходзілі ў Брэсце. Адкрыты рэспубліканскі турнір па дзюдо “Цытадэль-2025”, прысвечаны памяці абаронцаў Брэсцкай крэпасці і 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, сабраў больш 800 удзельнікаў з Беларусі і Расіі. Дэбют Ангеліны на гэтых прэстыжных спаборніцтвах аказаўся вельмі ўдалым – ушачанка заваявала “золата”! Не было роўных і нашай Алісе Зуевай, якая зараз трэніруецца ў сталіцы. Узнялася на п’едэстал і Улада Цюкала – у яе “бронза”. Медаль такой жа вартасці заваявала выхаванка Ушацкай СДЮШАР Валерыя Акулёнак, якая вельмі ўпэўнена пачала гэты сезон.
Варта павіншаваць з поспехамі дзюдаістак і іх трэнераў – Вера Кіліну, Святлану Фядосенку, Кацярыну Маркевіч, Крысціну Зуеву.

Парадавалі добрымі вынікамі і нашы юныя лёгкаатлеты, якія зараз займаюцца ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. На адкрытым першынстве Віцебскай вобласці, прысвечаным памяці заслужанага трэнера БССР С.Беленькага, Мацвей Казакевіч стаў лепшым у штурханні ядра, а Кіра Ісаева заваявала “срэбра” на 600-метроўцы і “бронзу” на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодамі.
Ну а наша каманда “Юнацтва” атрымала ўпэўненую перамогу на нядаўнім турніры па міні-футболе ў Глыбокім. Такі вынік хлопцам прынеслі тры ўпэўненыя перамогі і нічыя з моцнымі сапернікамі з Міёр. Ілья Сляцкі і Марат Цішкоў прызнаны лепшымі ігракамі турніру і каманды адпаведна.
“Матчы складваліся няпроста: так, паядынак з юнакамі з расійскага Себежа мы ўвогуле пачалі з двух прапушчаных галоў, але пасля тайм-аўта перанастроіліся і выйгралі гульню з лікам 11:2. Вельмі стаміліся, бо ўсе матчы гулялі ў адзін дзень, аднак, канечне, рады пераможнаму выніку!”, – падзяліўся з намі трэнер каманды Раман Фядосенка.
Наталля БАГДАНОВІЧ

