На первенстве Витебской области по легкой атлетике воспитанница нашей спортшколы Кира Исаева завоевала два золотых медали

Cпорт

Ва Ушачах заззяла новая спартыўная зорачка. На нядаўнім першынстве Віцебскай вобласці па лёгкай атлетыцы выхаванка нашай СДЮШАР Кіра Ісаева хутчэй за ўсіх сваіх равесніц праімчалася па дыстанцыях 800 і 1500 метраў. Тое ж, што вынік не быў выпадковым, пацвердзіла праз некалькі дзён на адкрытым першынстве Наваполацкай спартшколы, дзе таксама зрабіла “залаты дубль”.

Зрэшты, для пастаянных чытачоў “Патрыёта” гэтае імя новым не будзе – пра поспехі Кіры на бегавых дарожках мы пісалі яшчэ ў 2021-м годзе, калі дзяўчынка прыйшла на лёгкаатлетычнае аддзяленне да Таццяны Леанідаўны Клопавай і спрабавала сябе на першых турнірах. Трэнер адразу разгледзела яе патэнцыял, і разам яны вырашылі дасягнуць вынікаў, што дазволяць паступіць у спецыялізаванае вучылішча. “Аднойчы на спаборніцтвах камусьці трэба было “закрыць” бег на 1000 метраў. Хоць я ніколі на такой дыстанцыі не выступала, але згадзілася дапамагчы камандзе. Бягу круг, другі – і разумею, што мне гэта лёгка! Потым выйшла на старт трохкіламетровага забегу на “Славянскім базары” – фінішавала без праблем. І канчаткова зразумела, што хачу быць стаерам”, – расказвае дзяўчына. Такую спецыялізацыю выбіраюць нямногія: трэніроўкі цяжкія і манатонныя, трэба штодня бегаць шматкіламетровыя кросы, шчыраваць у трэнажорцы. Але дружны дуэт вучаніцы і трэнера крочыў да сваёй мэты.

За ўвесь час удзелу ў спаборніцтвах у пратаколах насупраць прозвішча Кіры ніводнага разу не стаялі літары DNF (не фінішавала). Нават калі сілы зусім на зыходзе, яна прымушае сябе не здавацца – і працягвае бег.

Апошні раз я бачыла іх разам на вераснёўскай лінейцы ў спартшколе. Кіра весела шчабятала з сяброўкамі і старанна паўтарала бегавыя практыкаванні за чэмпіёнам краіны Ільёй Мялешкам. А праз два тыдні Таццяны Леанідаўны не стала… “Спачатку не магла ў гэта паверыць. Напэўна, так выглядае дэпрэсія – не было сіл нічога рабіць. А потым падумала: калі перастану займацца, то здраджу ёй і нашай мары”, – прызнаецца дзяўчына, з якой мы сустрэліся гэтымі днямі на спарткомплексе. За некалькі месяцаў яна прыкметна пасталела і вырасла аж на 8 сантыметраў! З трэнерам аддзялення Віталем Бутоўскім працуе па спецыяльнай схеме, штодня займаецца па некалькі гадзін – і прагрэс працягваецца: “золата” на вобласці таму сведчаннем!

Дзяўчынцы з вялікай мнагадзетнай сям’і нічога не даецца лёгка, затое яна з маленства звыклая да працы, да таго, што кожны павінен выконваць свае абавязкі. Кіра лічыць, што спартыўны талент у яе ад мамы: у свой час Саша Полазава была адной з лепшых вучаніц вялікадолецкага настаўніка Уладзіміра Мікалаевіча Лапіцкага. Ёсць сярод яе родных і яшчэ адзін перспектыўны юны спартсмен: стрыечны брат дзяўчыны Яраслаў Басак (таксама былы выхаванец Т.Клопавай) з пачатку гэтага навучальнага года займаецца бегам у вучылішчы алімпійскага рэзерву на Гродзеншчыне. Сама ж Кіра зацікавіла віцебскіх трэнераў і хутка паедзе на праглядавы збор. Мары здзяйсняюцца, калі гэтага вельмі хочаш!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *