На Матыринском озере провели зарыбление

Общество

Ушацкія азёры маюць высокі рэйтынг у аматараў рыбнай лоўлі, а таму даволі часта менавіта ў нашы мясціны накіроўваюцца аўтамабілі з так званым рыбапасадачным матэрыялам. Мы ўжо неаднойчы расказвалі, як на вадаёмах раёна праводзяць зарыбленне прадстаўнікі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, рабілі адпаведныя рэпартажы і з азёр, дзе гаспадараць арандатары. Вось і ў гэты раз ахвотна згадзіліся на прапанову стаць сведкамі гэтага цікавага працэсу: паназіралі, як возера Матырынскае папоўнілася тысячай новых насельнікаў.

Прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Тэхнакрас” каля 15 год арандуе адзін з самых папулярных вадаёмаў Ушаччыны і праводзіць тут зарыбленне ўжо ў пяты раз. Яго заснавальнік Пётр Герасімёнак строга прытрымліваецца рыбаводна-біялагічнага абгрунтавання, якое распрацавалі навукоўцы: паводле дакумента, папаўняць возера пэўнымі відамі рыбы трэба раз у тры гады.

У пачатку лістапада арандатар выпусціў у вадаём каля тысячы асобін карпа – прыбыў жывы груз з размешчанага зусім блізка ад Матырына рыбагадавальніка “Наўліца”. А вось таўсталобіку, які мусіў пасяліцца ў возеры на мінулым тыдні, давялося пераадолець больш 300 кіламетраў, бо патрэбная партыя знайшлася толькі ў Нясвіжы. “Нават крыху хваляваўся, як рыба перанясе такую дальнюю дарогу”, – прызнаўся Пётр Іосіфавіч. Але таўсталобік да “марской хваробы” аказаўся ўстойлівым: у шляху яго зусім не ўкалыхала, і калі рыбу спусцілі з цыстэрны па крутым жолабе і ў пластыкавых скрынях транспарціравалі ў возера, яна літаральна праз некалькі секунд асвоілася і рушыла ўглыб – абследаваць новае месца жыхарства.

“Засяліць гэты від у Матырынскае вырашыў упершыню – але спадзяюся, што таўсталобіку тут спадабаецца. Дагэтуль зарыбляў ім глыбоцкае возера Псуя, якое таксама арандую ўжо на працягу доўгага часу – вынікі задавольвалі, – падзяліўся з намі П.Герасімёнак. – Праўда, у вадаёмах ёсць істотнае адрозненне: з Псуі выцякае толькі невялічкі ручай, а Матырынскае злучаецца з ракой Ушачай. Іншы раз даводзіцца чуць меркаванні, маўляў, зарыбляць гэтае возера ўвогуле мала сэнсу, бо рыба ўплывае ў рэчку, аднак лічу, што гэта не так: пэўная частка сапраўды адпраўляецца ў падарожжа, але большасць усё ж абжываецца ў нашым вадаёме. Дарэчы, вылаўліваем тут і асобін, якімі зарыблялі Матырынскае ў самы першы раз: за гэты час яны набралі вагу да 15 і нават 20 кілаграмаў”.

Вядома ж, зарыбленне ўсіх вадаёмаў праходзіць пад кантролем прыродаахоўных арганізацый. Вось і ў гэты раз за працэсам сачылі прадстаўнікі Полацкай МРІ аховы жывёльнага і расліннага свету і начальнік Ушацкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук. Зрэшты, ніякіх заўваг у іх не было: працэдура прайшла ў строгай адпаведнасці з усімі патрабаваннямі.

Зараз у Беларусі ў арэндзе знаходзіцца каля 130 вадаёмаў (3 з іх – у нашым раёне), і зацікаўленыя службы пільна сочаць за тым, каб часовыя гаспадары спраўна аднаўлялі іх рэсурсы.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *