Тридцать лет на линии: история Сергея Анкудовича

К профессиональному празднику

 

Чым дакладна будзе займацца сёння ці заўтра, Сяргей Віктаравіч Анкудовіч не ведае. Адно нязменна – акажацца ў самай гушчыні дзённых задач брыгады, бо асноўныя абавязкі выканаўца работ – курыраваць усе дзеянні электраманцёраў. Хаця можа апынуцца на вышыні ў люльцы, з пілой у руках ці ў ролі стропальшчыка. Апошняе ў канцы гэтага тыдня было найбольш верагодным. Па вёсцы Двор Пліна завершана рэканструкцыя, усе абаненты падключаны да новых ліній і работнікі раёна электрасетак убіралі дэманціраваныя бетонныя апоры. Для іх пагрузкі нават прыгналі вялізны кран, прымае ж і ўкладае на прычэп цяжкі груз абучаны стропальшчык, а ў Сяргея Анкудовіча і такія “корачкі” маюцца.

Літаральна ўсе брыгады ўкамплектаваны так, каб заставацца дзеяздольнымі ў любой сітуацыі – у іх нават некалькі выканаўцаў работ. Але мала хто можа зраўняцца з Сяргеем Анкудовічам па ўніверсальнасці – акрамя спецыяльнасці электрыка ён у свой час атрымаў шмат дадатковых рабочых, якія вельмі патрэбны пры рамонце ці замене ліній. І літаральна ўсе давялося прымяняць летась, калі дапамагалі магіляўчанам і гамяльчанам выпраўляць урон, нанесены ўраганам. Нават пры яго 30-гадовым стажы гэтыя камандзіроўкі прыгадвае як самы складаны этап. Знаходзіліся там усяго па тыдні, а потым мяняліся, бо нагрузкі аказаліся нетыповымі. З 6 раніцы да апоўначы спачатку разбіралі завалы, а потым ліквідоўвалі парывы. Тут і спецыяльнасць вальшчыка спатрэбілася, і стропальшчыка, бо паваленымі ляжалі не толькі дрэвы, але і апоры. Ды і экіпіроўку давялося апранаць асаблівую, “балотнікі” абуваць – так паміж сабой называюць боты з высокімі халявамі. Такіх непралазных участкаў дастаткова і на тэрыторыі Ушаччыны – апроч спецыфічнага рэльефу яшчэ і бабры “дапамагаюць”, даводзілася нават гаць масціць. І падобныя работы з’яўляюцца не надзвычайнымі, а тыповымі пры планавых рамонтах або праверцы ліній.

Адзінае, чаго больш не робіць Сяргей Віктаравіч – не ўзбіраецца ў “кошках” па апорах. Не з-за таго, што па ўзросце не салідна, проста вырас прафесійна і ўсяму абучае моладзь. Пры гэтым дадае, што хоць і не баяцца электраманцёры вышыні, страх – нармальны стан нават вопытнага спецыяліста, які павінен прысутнічаць, паколькі маеш справу з нябачнай, аднак вельмі моцнай сілай. Па гэтай жа прычыне не дазваляе навічкам узбірацца на драўляную апору, папярэдне не пераканаўшыся ў яе трываласці.

“Вы адзначце, што Анкудовіч двух майстраў падрыхтаваў. Мяне вучыў, калі яшчэ электраманцёрам быў, і Сяргея Мікалаевіча Хвашча, у брыгадзе якога працуе”, – вельмі дарэчы ўступае ў размову Сяргей Міхайлавіч Маковіч, і асыпае сціплага калегу найлепшымі эпітэтамі.

Слухаючы пра будні, здзіўляюся, чаму не шукаў больш лёгкай работы замест таго, каб штодня, не зважаючы на надвор’е, знаходзіцца пад адкрытым небам. “Мы ж займаемся самай патрэбнай справай. Па сабе ведаю, як нервуешся, калі раптам падчас адпачынку прападзе святло, – адказвае Сяргей Віктаравіч. – Ды і калектыў у нас выдатны, сведчаннем таму – адсутнасць цякучкі кадраў. А што спецыфічная праца, дык да гэтага даўно прывык”.

Так, нормай лічыцца заўсёды мець пры сабе тэлефон, паколькі выклікаць могуць у любы час. Звычайная справа – выходзіць з кватэры пад праліўным дажджом, калі ўсе хаваюцца пад парасонамі. А за прагнозамі сіноптыкаў яны сочаць, як лётчыкі перад палётам, хаця добра ведаюць, што ўсяго не прадбачыш, асабліва пры частых і моцных у апошні час вятрах. Раён раскінуты, і калі ва Ушачах толькі пагрымлівае, то ў Кублічах можа разыграцца навальніца. І не раз было, што скончыўшы планавыя работы пры ціхім надвор’і, даводзілася вяртацца на аб’екты. І хоць ураганы апошнім часам сапраўды не ў навіну, тым не менш, ушацкія энергетыкі намнога часцей дапамагалі калегам з іншых раёнаў, чым тыя ім.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *