Віншаванні са стагадовым юбілеем на мінулым тыдні прымала Марыя Давыдаўна Крысёнак з вёскі Азаранкі. Жанчына да 92 гадоў жыла ў сваім доме і толькі апошнія восем знаходзіцца ў сына Аляксандра Пятровіча і нявесткі Валянціны Іванаўны ў Старым Сяле Жарскага сельсавета.
Амаль усе званкі ў гэты дзень былі міжгароднія. Першымі тэлефанавалі нявесткі – а гэта паказчык! Хоць і няма ўжо ў жывых двух старэйшых сыноў, іх жонкі па-ранейшаму паважліва ставяцца да свекрыві – памятаюць усё добрае, а было яго нямала. Нягледзячы на тое, што сем’і дзяцей самі трымалі гаспадарку, Марыя Давыдаўна дзялілася пароўну ўсім, што мела. Семярых унукаў актыўна дапамагла расціць – яны ўлетку часта гасцілі ў бабулі з дзядулем, ды і праўнукі яе рук не абмінулі. І галоўнае, ставілася да нявестак, як да дачок, слова крытычнага ў іх бок не адпускала. Вось і падымаецца сярод ночы Валянціна Іванаўна, калі чуе, што нешта турбуе бабулю, даглядае, як родную і часта не можа стрымаць слёз, гледзячы, што натруджаныя сухенькія пальцы зноў цярэбяць насоўку. Ведае, што ў такія моманты свякроў у чарговы раз прыгадвае страчаных родных ці вайну.
Марыя Давыдаўна ўжо не так добра бачыць і чуе, а вось памяць засталася вострай. Асабліва на экстрэмальныя сітуацыі, таму ў чарговы раз называе ўрочышча Істопішча, дзе хаваліся ад немцаў, Ушачы, праз якія жыхары Жар у 1944-м адступалі разам з партызанамі, бамбёжкі перад прарывам. Ёй на той час ішоў дзевятнаццаты год – абавязкова апынулася б у няволі, але пашчасціла, не трапіла ў рукі ворага, хоць у Двор Жарах, у школе, дзе яшчэ да вайны скончыла 7 класаў, амаль два гады стаяў нямецкі гарнізон, а ў іх наваколлі фарміраваўся атрад імя Дубава.
У Марыі Давыдаўны 12 праўнукаў і тры прапраўнукі.
У восьмы клас хадзіла ўжо ва Ушачы: з іх акругі толькі ўдвух з сяброўкай працягвалі вучыцца і жылі ў інтэрнаце. А паколькі і сямігодка пасля вайны лічылася добрым адукацыйным падмуркам, то не дзіўна, што Марыю паклікалі настаўнічаць і даверылі выкладаць у Гарбаціцкай школе мужчынскія прадметы: ваенную і фізічную падрыхтоўку. Прайшоўшы іспыт на выжыванне, яна як і любы юнак магла здаць нарматывы ці разабраць аўтамат Калашнікава… Настаўніцкую кар’еру аднак абарвала замужжа. Сустрэліся яны з Пятром у яе родных Жарах, дзе ён працаваў прадаўцом магазіна, і перабраліся ў Азаранкі.
“Зараз у вёску толькі летам прыязджаюць, а асаблівыя людзі жылі, вылучаліся працавітасцю, дагледжанасцю сядзіб, жывёлы шмат трымалі”, – дае характарыстыку населенаму пункту старшыня Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейка. На падворку Пятра Паўлавіча і Марыі Давыдаўны таксама заўсёды былі карова, свінні, куры і атара авечак – даглядчыцай апошніх большую частку жыцця адпрацавала і ў калгасе. У кожнай гаспадарцы ў шасцідзясятыя трымалі ўвесь набор жывёлы, у Азаранках таксама разводзілі кур, качак, было і некалькі соцень баранаў. Каб пусціць маці справіцца з уласнай гаспадаркай, выручалі сыны – заставаліся пасвіць. Асаблівым быў перыяд стрыжкі воўны – жывёле спутвалі ногі, а акрамя спецыяльных вязізных нажніц пачалі з’яўляцца машынкі. Сыравіна ў той час здавалася і гаспадаркамі, і прыватнікамі. Аднак Крысёнкі і ў сваім доме наладзілі перапрацоўчую вытворчасць: Пётр Паўлавіч для усёй акругі валіў валёнкі, на кажухі ішла аўчына, а Марыя Давыдаўна прала ніткі і вязала з іх цёплую вопратку. І шыла выдатна, ніколі без справы не стаяла нямецкая машынка “Зінгер”. А каб займець жывыя грошы, якіх у калгасе не плацілі, пешшу хадзіла з прадуктамі на базар у Лепель.
Падарункі юбіляршы прывезлі старшыні Жарскага сельсавета Святлана Міхейка, раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Васілеўская і пярвічкі Старога Сяла Віктар Стрыжонак, а таксама спецыяліст ТЦСАН Таццяна Коршун.
Асаблівага сакрэту даўгалецця ў яе няма: ён у натуральнай ежы – практычна ўсе прадукты са свайго двара, ды і розныя стравы з грыбоў заўсёды былі на стале. І, канечне, у пастаянным руху і фізічнай нагрузцы, якой хапала і потым у паляводстве, і на сваёй сядзібе. І зараз жанчына няхай са стульчыкам, аднак самастойна выходзіць на вуліцу.
Вольга Караленка

