“Выхадныя? Не ведаю, што гэта”, – усміхнулася Святлана Фёдараўна Каваленка, калі напрыканцы 2025-га загаварылі з ёй пра навагоднія святы. У графіку сацыяльнага работніка ТЦСАН, канечне, ёсць свабодныя дні – праўда, і іх ушачанка звычайна праводзіць з падапечнымі: забяжыць, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку.
У сацслужбе ўраджэнка Вялікадалеччыны працуе адзінаццаць гадоў, шэсць з якіх – пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Прызнаецца: зносіны з землякамі, магчымасць ім дапамагчы надаюць жыццёвых сіл і энергіі.
– У любой справе ёсць свае цяжкасці, – разважае Святлана Фёдараўна. – Сутыкалася з імі і ў сферы культуры, дзе пасля заканчэння культасветвучылішча пачынала кар’еру, і на хлебазаводзе, на якім адпрацавала амаль 18 гадоў, і на жывёлагадоўчым комплексе ў Арэхаўне, дзе была даглядчыцай. Ёсць яны і ў цяперашняй рабоце, аднак успрымаюцца інакш: нават без сіл падаючы ўвечары на канапу, адчуваю сябе шчаслівай – значыць, нічога не ўпусціла, увагай нікога не абдзяліла.
Зараз на абслугоўванні сацработніка – восем пажылых ушачанак, прычым, тры з іх маюць першую групу інваліднасці. У кожнай – свой характар, свае жыццёвыя абставіны, аднак з усімі С.Ф.Каваленка без праблем знаходзіць агульную мову. У пакоях прыбрацца, столі вымыць – калі ласка: напрактыкавалася ва ўласным доме ў 130 квадратаў. Штосьці пасадзіць ці прапалоць – таксама не праблема: у сям’і і агарод свой ёсць, і падсобная гаспадарка вялікая. Ну а якаснымі прадуктамі закупіцца ды смачны абед прыгатаваць – увогуле задавальненне: кулінарнымі ізыскамі радуе і сваіх любімых мужчын – мужа, сына, траіх унукаў.
– Мая другая палавіна гэтак жа працуе ў сацслужбе, таму разумее ўсе нюансы прафесіі і часта дапамагае, – з гонарам кажа Святлана Фёдараўна. – Быў выпадак: завалілася бабуля, устаць не магла – паімчалі з Мікалаем ноччу да яе, бо адна не справілася б. Ці, напрыклад, атрымала заказ на шэсць бутэлек мінералкі, ды яшчэ нечага для коцікаў ды сабачак – таксама давялося “дапамогу” з веласіпедам выклікаць: сама б не данесла.
Ушачанка прызнаецца, што з людзьмі ёй шанцавала заўсёды. Але ж варта дадаць: як і ім з ёй. Неяк быў на абслугоўванні ТЦСАН невідушчы мужчына – дык “часовых” памочнікаў, перш чым сустрэўся з С.Ф.Каваленка, у яго пабывала нямала. Жанчына добра ведала, як усё для зручнасці расставіць, пад руку вадзіла падапечнага на прагулкі і ўсюды была яго вачыма: папярэджвала пра наяўныя прыступкі, расказвала, што адбываецца навокал, у магазінах цярпліва знаёміла з асартыментам, чытала састаў прадуктаў… Неяк былі на яе абслугоўванні адразу муж і жонка – ды такімі блізкімі людзьмі сталі, што з дачкой нават пасля іх смерці сацработнік цёплыя адносіны падтрымлівае.
– Усе мае цяперашнія бабулі – таксама цудоўныя і цікавыя, – кажа Святлана Фёдараўна. – Узніклі ў некага пытанні па налічэнні пенсіі – тэлефаную Раісе Мікалаеўне Коршун, якая шмат гадоў адпрацавала ў “райсабесе” і дагэтуль цікавіцца новаўвядзеннямі ў пенсійным заканадаўстве. Дзіна Мяфодзьеўна Шайтар – сапраўдны прафесіянал-дэгустатар: любіць плоў, мясныя стравы, пільна сочыць за тым, каб прадукты на стале былі свежыя. Зінаіда Еўдакімаўна Жогаль захапляецца кветкаводствам – на яе ўчастку нямала.
Штодзённы маршрут у сацыяльнага работніка – даволі працяглы: да падапечных трэба і ў канец Калінінскай, і на Каранеўскага завітаць, у магазіны, аптэку, на пошту зайсці… Улетку выручае веласіпед, зараз жа, каб усюды паспець, даводзіцца выходзіць з цёмным. Зрэшты, як і вяртацца ўвечары дамоў. Усё гэта Святлане Фёдараўне не ў цяжар, бо яна любіць працаваць, любіць свае Ушачы і землякоў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ

