Марознае надвор’е апошніх дзён узрадавала аматараў рыбалкі, і яны накіраваліся на вадаёмы за зімнім уловам. Аднак лёд не ўсюды трывалы, і трэба быць максімальна асцярожнымі, выконваць правілы бяспекі.
Як падкрэслілі ў МНС, перш чым адправіцца на лёд, трэба надзець выратавальную камізэльку – гэта не рэкамендацыя, а патрабаванне закона (згодна пастановы Саўміна №543 ад 18.08.2023 “Аб ахове жыцця людзей на водах”), уведзенае для захавання жыцця і здароўя грамадзян. Вазьміце з сабой вяроўку даўжынёй 1,5-2 метры і палку (дошку) ці іншае, на чым можна будзе ўтрымацца на паверхні, праверыць месца, дзе лёд прымыкае да берага, у вусцях рэк яго трываласць аслаблена з-за плыняў.
У першыя дні новага года, на жаль, з’явіліся і першыя ахвяры: на рацэ Мухавец у Кобрынскім раёне патанулі два маладыя мужчыны – 20 і 30 гадоў, якія адправіліся парыбачыць.
Калі вы праваліліся: шырока раскіньце рукі па беражках лёду, каб не пагрузіцца з галавой, калі магчыма, перабярыцеся да таго краю палонкі, дзе плынь не захапляе вас пад лёд, без рэзкіх рухаў выбірайцеся на ледзяное покрыва, запаўзаючы грудзьмі і па чарзе выцягваючы на паверхню ногі, накіроўвайце цела да найбольш шырокай плошчы апоры. Выбраўшыся з палонкі, не ўставайце на ногі, а адкочвайцеся, паўзіце ў бок берага.
Калі бачыце, што чалавек праваліўся пад лёд: паведаміце выратавальнікам. Паспрабуйце аказаць дапамогу, толькі калі ўпэўнены ў сваіх сілах: варта падпаўзці да чалавека і за 3-4 метры ад яго падаць (кінуць) яму палку, шалік ці іншы падручны сродак, выцягнуць яго на лёд і паўзком рухацца ў бок берага.
Супрацоўнікі раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах і райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць прафілактычныя рэйды па азёрах Ушаччыны (на здымку), нагадваючы правілы паводзін і самае галоўнае – гэта не выходзіць на тонкі, неакрэплы лёд, які не дасягнуў таўшчыні ў 7 см.
Вольга КАМАРКОВА

