Большая семья — это прекрасно! Убедились в этом, побывав в гостях у дружной семьи Асепёнок в агрогородке Ореховно

Общество

Апошнімі тыднямі літаральна ў кожным нашым нумары вы бачыце падобныя фота, што цалкам зразумела: Новы год – самае сямейнае свята. Аднак у дадзеным выпадку гэту вялікую кампанію ў гасцінай утульнага дома ў Арэхаўне сабрала іншая нагода.
“Лепш, каб вы прыехалі ў суботу – тады пастараемся сустрэць вас у поўным саставе”, – папярэдзілі гаспадары Алена і Аляксандр Асяпёнкі, калі мы агучылі намер пра іх напісаць.

Так і атрымалася – у прызначаны дзень у бацькоўскай хаце сабраліся ўсе пяцёра іх дзяцей: сын Косця спецыяльна прыехаў з Оршы, дзе вучыцца на чыгуначніка, 16-гадовы Саша, які пасля 9 класаў паступіў у аграрны каледж, прыбыў з Лепеля, старэйшая дачка Ліза – з Ушач, ды не адна, а з чатырохмесячным сыночкам. Малыш салодка драмаў на руках у маладой матулі, не зважаючы на жыццярадасны гоман чатырохгадовай Васіліскі, што імкнулася завалодаць агульнай увагай. Больш сур’ёзна і сціпла, як і належыць трэцякласніцы, паводзіла сябе Вераніка. І нават тата па такім выпадку адклаў сваю тэрміновую работу ў гаражы. І вось раскладзены па талерачках дамашні торт, разліта духмяная гарбата – і няспешна цячэ шчырая бяседа “за жыццё”… Напэўна, вось так і выглядае сапраўдная сямейная ідылія.

У “прэзідэнцкі” домік маладая сям’я засялілася ў 2006-м: Аляксандр тады працаваў на сарочынскім комплексе, а ўраджэнка Оршы Алена, якая размеркавалася ў наш раён пасля Смальянскага сельгастэхнікума, была аграномам у “Адважным барацьбіце”, а потым – у “Арэхаўне”. Яна завочна скончыла Горацкую сельгасакадэмію, а калі з’явілася вакансія ў бібліятэцы аграгарадка, прайшла навучанне на адпаведную спецыяльнасць. Падштурхнуў да гэтага выпадак, калі маленькая Ліза паранілася ў садку і трэба было тэрмінова везці яе ў паліклініку, а мама тым часам знаходзілася на дальніх палях…

“Быць мнагадзетнымі бацькамі спачатку не збіраліся: пасля нараджэння дачкі і сына нават меркавалі, што ўжо “выканалі план”, але ўрач настойліва раіў мне рашыцца на трэцяе дзіця – і ў нас з’явіўся яшчэ адзін Саша”, – распавядае Алена.

А яшчэ жанчына прыгадвае словы Прэзідэнта, які ў нядаўнім Пасланні беларускаму народу і парламенту падкрэсліў, што каб захаваць колькасць нашага насельніцтва, у кожнай сям’і павінна быць як мінімум трое дзяцей.

Яны ж з мужам задачу перавыканалі: Веранічку ласкава называюць “сваёй любімай выпадковасцю”, ну а на Васілісу ўжо рашаліся свядома – і вельмі гэтаму рады, бо нават не ўяўляюць, як бы жылі без гэтага “званочка” ў доме. Калі з’явіліся на свет малодшыя, трое старэйшых дапамагалі іх гадаваць. Раслі ўсе дружнымі, хіба што Косця з Сашам іншы раз спрачаліся, каму першаму сесці за камп’ютар.

Разам з сям’ёй “падрос” і дом: яго выкупілі, правялі газавае ацяпленне, а потым і рэканструявалі – дапамог прэзідэнцкі ўказ №240, па якім сем’ям з дзецьмі, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, выдавалі адрасную субсідыю. Будынак абклалі цэглай, умацавалі фундамент, зрабілі другі паверх – і былыя 60 квадратаў жылой плошчы ператварыліся ў 110.

Канечне, вялікая сям’я – гэта няспынныя клопаты, ды і буйнымі заробкамі гаспадары пахваліцца не маглі, але калі ўсё рабіць прадумана і не баяцца працы, то годна наладзіць быт цалкам магчыма. “Як усё паспець? Трэба рана прачынацца!” – усміхаецца Алена, якая зараз зноў вярнулася да аграрнай справы: працуе ў раённай насенінспекцыі вядучым аграномам па ахове раслін. У эканамічным плане заўсёды дапамагала падсобная гаспадарка: трымалі свіней, карову, а спецыяльна для Веранікі завялі казу, бо малышцы было патрэбна больш пажыўнае малако. Вядома ж, старэйшыя дзеці ўмеюць і сена нарыхтоўваць, і з жывёлай абыходзіцца. А яшчэ ў тэхніцы добра разбіраюцца – гэта ўжо ад таты-механізатара. “У нашай сям’і чатыры вадзіцелі, а хутка і пяты з’явіцца – калі Саша належнага ўзросту дасягне”, – усміхаецца бацька. Матуля ж перадае дачушкам сакрэты дамаводства, а яе фірменнай стравай дзеці аднагалосна прызналі дамашні зефір.

“З дзяцінства я ўпэўнілася, што сям’я, мацярынства – галоўнае прызначэнне жанчыны, а таму і сама не стала з гэтым марудзіць!”, – далучылася да размовы Ліза. Набыўшы пасля школы спецыяльнасць цырульніка, дзяўчына распачала кар’еру ва Ушачах, і неяк раз яе кліентам стаў хлопец, які застаўся ў захапленні не толькі ад стрыжкі, а і ад самога майстра – так у іх сям’і з’явіўся трэці Саша. “Мне толькі 21, але я ўжо многае паспела: у нас з мужам уласны дом, гадуем сыночка. І іншым дзяўчатам раю не адкладваць гэта на потым. Калі ты юны, поўны сіл – і бяссонныя ночы, і іншыя клопаты з малышамі пераносяцца куды прасцей”, – з веданнем справы разважае маладая мама.

Душэўным і цёплым атрымалася сямейнае чаяпіцце – што яскрава ілюструе здымак. Хочацца шчыра пажадаць героям аповеду, каб і надалей усе складаныя моманты іх жыцця заставаліся за кадрам, а ў аб’ектыве быў выключна пазітыў!

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *