Модернизация Ушачской ЦРБ: рассказываем, что появилось нового в материально-технической базе

Здравоохранение

Калектыў Ушацкай ЦРБ сустракаў Новы год у прыўзнятым настроі: да святаў удалося многае зрабіць для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы медустановы. Раскажам пра некаторыя змены, а таксама ранейшыя здзяйсненні, якія пацыенты дакладна ацэняць.

Напрыканцы 2025-га сур’ёзна абнавілася фізіятэрапеўтычнае аддзяленне: сюды паступіла адразу тры апараты серыі “Рэфтон”. Як зазначыла ўрач-фізіятэрапеўт Вераніка Тойванен, яны выкарыстоўваюцца для разнапланавага – святлом, магнітам, лазерам – уздзеяння на арганізм чалавека з лячэбнымі, прафілактычнымі, рэабілітацыйнымі мэтамі: паляпшаюць кровазварот, здымаюць боль, змяншаюць запаленне і спазмы, умацоўваюць мышцы і звязкі. Нядаўна набыты таксама два новыя масажныя сталы, годна абсталяваны ўсім неабходным і іншыя кабінеты.

Радуюцца праведзенай у снежні мадэрнізацыі ўрачы ультрагукавой дыягностыкі. Як удакладніла Таццяна Сідарэнка, магчыма, у перспектыве на новым абсталяванні высокага класа можна будзе нават суставы абследаваць.

Дзякуючы наяўнасці сучасных бронха-, калана- і двух гастраскопаў ёсць магчымасць праводзіць усе неабходныя эндаскапічныя працэдуры. Прычым, чаргі на іх практычна не бывае – і гэта пры тым, што абслугоўваюць у бальніцы не толькі мясцовых жыхароў, але і пацыентаў з Докшыччыны.

Без праблем трапляюць жанчыны (прадстаўніц фертыльнага ўзросту ў раёне ўсяго 1859, у тым ліку 21 цяжарная) на прыём да гінеколага, які для зручнасці працуе з 8 да 18 гадзін (серада – выхадны). Бясплодным прапануецца бясплатная спроба ЭКА.

Годна выглядае аснашчанасць клініка-дыягнастычнай лабараторыі (на здымку). Як расказала яе загадчыца Святлана Шыла, практычна любы аналіз можна правесці ў лічаныя хвіліны – на агульны па крыві, напрыклад, патрэбна ўсяго каля 20.

Выдатным падарункам для райбальніцы да Новага года стала атрыманне новага абсталявання (медыцынскага і не толькі), устанавіць якое плануецца ў бліжэйшыя дні – пазней раскажам пра гэта чытачам. А вось стыльную падсветку з указаннем назвы медустановы на фасадзе ўжо прыкмецілі, напэўна, многія – цяпер будынак ЦРБ і ў цемры ні з чым не зблытаеш.

– Канечне, нам ёсць яшчэ да чаго імкнуцца, – кажа галоўны ўрач райбальніцы Юрый Пацёмкін. – Так, напрыклад, у кабінет рэнтгена-камп’ютарнай дыягностыкі хацелася б набыць новы апарат для рэнтгенаграфіі зубоў, завяршыць рамонт на першым паверсе паліклінікі (маю на ўвазе калідор ад рэгістратуры ў бок дзіцячай кансультацыі). Працягнем работу па прыцягненні кадраў – як з ліку маладых спецыялістаў, так і калег з іншых рэгіёнаў.

Кваліфікаваных спецыялістаў у бальніцы, сапраўды, не хапае. Аднак шляхі вырашэння праблемы, хаця б часовыя, тут знаходзяць. Няма пастаяннага хірурга – запрасілі з іншай бальніцы, які рэгулярна прыязджае, загадчыкам жа адпаведнага аддзялення на палову стаўкі прызначылі ўрача-эндаскапіста. Вырасла чарга на УГД-паслугі – плануюць удвая павялічыць занятасць аднаго з дактароў на гэтым участку, падоўжыўшы тым самым час прыёму.

На бягучым тыдні ў райбальніцу завіталі старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Шамовіч і яго намеснік Генадзь Ягораў – прайшліся па кабінетах паліклінікі, палатах стацыянара, пазнаёміліся з работай харчаблока. “Засталіся добрыя ўражанні ад убачанага, – прызнаўся кіраўнік раёна. – Пацыенты аддзялення сястрынскага догляду, хірургіі і тэрапіі, з якімі пагутарылі, дзякавалі медыкам за высокую якасць абслугоўвання, камфортныя ўмовы знаходжання – і гэта, лічу, найлепшая ацэнка дзейнасці ўстановы”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *