Самый удачный аукцион, новая остановка в Селище, поздравления для ветеранов. Вести из сельсоветов Ушачского района

Общество

Вялікадолецкі

Самы ўдалы аўкцыён
За амаль 19 тысяч рублёў быў прададзены з аўкцыёну ўчастак у вёсцы Ветча. У ім удзельнічала тры чалавекі, якія ў “барацьбе” за зямлю на беразе аднайменнага возера і паднялі цану са стартавай у 5 тысяч рублёў. Гэта самы высокі кошт з пяці праведзеных сёлета сельвыканкамамі таргоў, за якія ў бюджэт паступіць 44,9 тысячы рублёў.

Кубліцкі

Для зручнасці пасажыраў
Новы прыпыначны пункт з’явіўся ў вёсцы Селішча. Абсталяваны ён па зваротах жыхароў у цэнтры населенага пункта ў напрамку Глыбокага сіламі работнікаў ДРБУ-105. А вось рамонт дарогі ў вёсцы Скачыхі праводзілі камунальнікі – для засыпкі ям прывезена дзве машыны адсеву.

За ўласныя сродкі
Жыхары сельсавета ў мінулым годзе здалі тысячу рублёў самаабкладання. Грошы невялікія, аднак дзякуючы ім удалося палепшыць добраўпарадкаванне некалькіх населеных пунктаў. Так, з’явілася шыльда ля сямейнай алеі ў Селішчы і нумары дамоў у Дарошкавічах, спілавана аварыйнае дрэва ў Зерчаніцах і дзве вялізныя елкі на могілках у Рыбаках. Не ўдалося б ажыццявіць нічога з пералічаных планаў за сродкі адной вёскі, таму яны акумулююцца і пускаюцца сельвыканкамам на выкананне запытаў сяльчан.

Вяркудскі

Ініцыятыва вітаецца
Ёсць у раёне дачнікі, якіх, нягледзячы на сезоннасць знаходжання ў вёсцы, добра ведаюць у наваколлі. Такім з’яўляецца Алег Расціслававіч Герт з Кугоняў. Набыты мужчынам дом стаіць у самым канцы працяглай вуліцы, бойкую дарогу па якой ён зрабіў за ўласны кошт – заказаў не адну машыну шчэбеню і засыпаў ім нізкія месцы.

 

З двайным святам
віншавалі ў пераднавагодні дзень Пятра Рыгоравіча Ткачонка з вёскі Гарадок – 31 снежня яму споўнілася 90 год. А самым лепшым падарункам для пажылых людзей, вядома, з’яўляецца ўвага. Таму вельмі рады быў былы аграрый бачыць у сябе дома старшынь сельвыканкама Тамару Мікалаеўну Сурынаву і ветэранскай пярвічкі Вяркуд Ніну Васільеўну Кірпічонак.

Сарочынскі

Ад усёй душы
А вось былая даярка фермы Ціханяты саўгаса “Арэхаўна” Зінаіда Мікалаеўна Латышава з такой жа нагоды сустракала цэлую дэлегацыю ўжо ў гэтым годзе. Уладальніцы ордэна “Знак пашаны” ў рамках акцыі “Ад усёй душы” падарункі ўручылі ад партыі “Белая Русь”, ТЦСАН і ветэранскай арганізацыі.

Ушацкі

З чыстай вадой
Ва Угрынках не будавалі нават міні-станцыі абезжалезвання, а вось вада з кранаў цячэ ўжо чыстая. Сіламі Ушацкага ўчастка водаканала сістэма гэтага населенага пункта падключана да суседняга Двор Пліна, дзе вось ужо год працуе вялікая станцыя, магутнасцяў якой хапае на патрэбы жыхароў двух населеных пунктаў.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *