Алкаголік, які яшчэ і руку на слабейшага можа падняць, дакладна не выклікае прыязных эмоцый. А што, калі іх у акружэнні не адзін-два, а цэлая сотня? Самых розных: маладых і сталых, рэзкіх і непрадказальных у дзеяннях… Менавіта з такой катэгорыяй грамадзян штодня працуе старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Ушацкага РАУС Юлія Гаўрылюк.
– Многія здзіўляюцца, калі бачаць, як іду адна па прытонах разганяць нецвярозыя кампаніі. Як ваджу за руку па бальніцы дарослых мужчын-выпівох, каб прайшлі медкамісію, – расказвае ўшачанка. – Усім падаецца: нежаночая гэта справа. Але ж я ведаю, што яна патрэбная, і ва ўлікоўцах бачу звычайных людзей, якія проста аступіліся. Зносіны з імі не пужаюць – не было ў маёй практыцы выпадкаў, каб хтосьці праявіў агрэсію. Даводзіцца, канечне, голас павысіць, цвёрда загадаць – але звычайна кантактуем у спакойным фармаце.
Стаць праваахоўнікам Ю.Гаўрылюк (Спірыдзёнак) вырашыла ў дзясятым класе – як пабывала з экскурсіяй ў райаддзеле міліцыі. Магчымасць дапамагаць людзям, дбаць пра забеспячэнне правапарадку “ўзяла верх” над ранейшым жаданнем займацца харэаграфіяй. Настаўнікі адгаворвалі, маўляў, гэта накшталт арміі – не месца там дзяўчатам. Але ж Юлія была цвёрдая ў сваім рашэнні.
Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў яна скончыла з чырвоным дыпломам. Магла застацца ў сталіцы ці паехаць у любы абласны цэнтр, але ж выбрала родныя Ушачы, дзе штогод праходзіла практыку.
– У мяне было два варыянты: працаваць у “пашпартным стале” ці стаць участковым інспектарам, – прыгадвае Юлія Сяргееўна. – Палічыла, што ў першым хутка засумую (не прывыкла я сядзець на адным месцы), таму папрасілася ў начальніка аддзела Сяргея Аляксандравіча Алабіна ў ААПП. У той год якраз змянілася заканадаўства – і новы накірунак даверылі менавіта мне. Ды так гэта захапіла, што не зважала на вялікую занятасць і стомленасць! Памятаю, як за змену ажно каля 120 пісьмовых папярэджанняў на ўлікоўцаў запоўніла. А потым не адзін дзень з калегамі па раёне ездзіла – пад роспіс усім раздавала.
Зараз Ю.Гаўрылюк, хоць ноччу разбудзі, без праблем раскажа ўсю паднаготную пра кожнага, хто знаходзіцца ў аддзяленні на прафілактычным уліку. І не толькі таму, што ва ўсім скрупулёзна разбіраецца – проста кантынгент мяняецца нячаста. Шмат такіх, з кім працавала 12 гадоў таму (як толькі пачынала службу) – і якія зноў аказаліся ў полі зроку. Паменела сярод іх жанчын, што радуе старшага інспектара. Але ж некаторыя ў пытаннях выпіўкі нават мужчынам фору дадуць. Ёсць сярод іх такія, хто ў лячэбна-працоўных прафілакторыях ажно па пяць разоў пабывалі, а адна паехала туды ўжо ў шосты. Дазваляе сабе лішняга і моладзь. Нядаўна, напрыклад, у ЛПП адправілі хлопца, якому споўнілася толькі 18.
– Радуюць станоўчыя прыклады, якія заўсёды прыводжу тым, хто пакуль не абраў правільную жыццёвую сцяжыну, – кажа Юлія Сяргееўна. – Аднойчы заўзятага выпівоху, які нідзе не працаваў, на пасяджэнні камісіі так уразілі “перспектывамі”, што ў таго нібыта штосьці шчоўкнула – ад алкаголю адмовіўся, працаўладкаваўся, купіў дом – зараз яго фінансавым магчымасцям пазайздросцяць многія. Быў таксама выпадак, калі з-за частых п’янак, беспарадкаў у доме ва ўшачанкі адабралі дзіця. Гаварыла з ёй не як праваахоўнік, а найперш як жанчына: пра важнасць захавання сям’і, пра радасць і цеплыню, якую дораць малыя. І гэта дало плён: грамадзянка ўзяла сябе ў рукі – дачушку ёй вярнулі, зараз яны жывуць у згодзе.
Дапамагаюць старшаму інспектару перавыхоўваць людзей і нядаўна ўведзеныя ў заканадаўства змены. Улікоўцаў, якія ўпарта лайдачаць, цяпер можна кожны дзень адпраўляць на грамадска карысныя работы. Некаторыя бясплатна папрацавалі і перагледзелі свае погляды – самі папрасіліся да наймальнікаў.
Ю.Гаўрылюк пастаянна нагадвае сваім падапечным, што з любой сітуацыі можна знайсці выхад, падказвае, як гэта зрабіць. Яна заўсёды на сувязі з участковымі інспектарамі і работнікамі сельвыканкамаў, якія паведамляюць пра факты нядобранадзейнасці, з жыхарамі раёна, што дапамагаюць удакладніць інфармацыю. Да кожнага яна ўмее знайсці падыход, правільныя словы – напэўна, таму заслужыла павагу, давер сярод калег і землякоў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

