Завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах – і зноў нашы юныя землякі, на гэты раз выключна вучаніцы Ушацкай школы, адзначаны высокімі ўзнагародамі!
Выдатны вынік па хіміі прадэманстравалі дзесяцікласніца Дар’я Жахоўская і адзінаццацікласніка Анастасія Ларчанка – у іх дыпломы першай і другой ступені адпаведна. Ужо зараз дзяўчаты, якія займаюцца ў настаўніка А.В.Марозавай, рыхтуюцца да ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды. Парадавалася за сваю вучаніцу і Л.В.Трафімава: у будучай выпускніцы Анастасіі Клачок – “бронзавая” ўзнагарода па рускай мове і літаратуры.
Варта адзначыць, што ўсе дыпламанты абласнога этапу з ліку старэйшых школьнікаў маюць перавагі пры паступленні ў ВНУ. Без уступных іспытаў яны могуць стаць студэнтамі як рэгіянальных універсітэтаў (калі абяруць спецыяльнасць, для якой вучэбны прадмет з’яўляецца профільным), так і некаторых сталічных (калі будуць атрымліваць прафесію з ліку найбольш запатрабаваных эканомікай).
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


