З якім жаданнем выратавальнікі заступаюць на баявыя суткі? Канечне, хочуць, каб не было трывожных паведамленняў і ў дамах ушачан не разгараўся агонь. Але на бягучым тыдні ў раёне адбылося ажно тры пажары – і ўсе яны выпалі на дзяжурства першага каравула. Яшчэ адзін раз выязджалі на дапамогу лепельскім калегам. Таму і сустрэцца з яго супрацоўнікамі, зрабіць удалы здымак аказалася няпростай задачай. Зрэшты, і ў апошнія месяцы ім таксама “шчасціла” – нярэдка даводзілася змагацца з вогненнай стыхіяй.
У чацвер у цэнтры аператыўнага кіравання званок раздаўся ў самым пачатку змены – і ўжо праз пару хвілін пажарныя аўтацыстэрны імчалі з сірэнамі ў Вялікія Дольцы, дзе гарэў дом. Гаспадару жылля, трэба сказаць, вельмі пашанцавала: ён пакурыў і заснуў, а прачнуўся ад таго, што стала вельмі цёпла – у доме ўжо ва ўсю разгараўся агонь. Мужчына змог сам выйсці з памяшкання і патэлефанаваць у пажарную службу.
Пытанне, ці складана працаваць у мароз, рытарычнае, калі бачыш на здымку, што чорныя баёўкі пасля тушэння сталі белымі і пакрыліся інеем. У Строктах, каб ацаніць сітуацыю і аббегчы вакол дома, трэба было ў нялёгкім абмундзіраванні пераадолець гурбы па калена. “Пра тое, што цяжка – не думаеш, калі кажуць, што ў доме можа быць чалавек!” – зазначаюць выратавальнікі.
У складзе першага каравула 8 чалавек, а кіруе ім малады спецыяліст Уладзіслаў Еўстратоўскі, які пасля заканчэння ўніверсітэта грамадзянскай абароны прыйшоў у аддзел толькі летась. Якраз з’явілася вольная вакансія – і навічку рашылі даверыць адказны ўчастак. Канечне, перш чым прыступіць да самастойнага кіравання зменай, маладому чалавеку давялося праходзіць адпаведныя іспыты, стажыравацца. Дарэчы, якраз падчас стажыроўкі адбылося яго першае баявое хрышчэнне – гэта быў выезд на дапамогу калегам з Глыбоцкага раёна, дзе гарэла аграсядзіба. Сітуацыя аказалася нескладанай, а навічок прайшоў даўнюю традыцыю аблівання вадой на першым пажары. “Папярэджу ваша пытанне і адразу скажу, што хутчэй вярнуцца ў свой родны Полацк і там працаваць мне не хочацца. На размеркаванні была магчымасць трапіць і ў Наваполацк, аднак выбраў Ушачы. Мне тут падабаецца і зусім не засмучаюся, што трэба праслужыць 5 гадоў, – адзначыў у размове Уладзіслаў. – Канечне, нялёгка напрацоўваецца вопыт, але мне пашанцавала з калектывам.
Хоць я і начальнік змены, аднак самы малады, таму з першых дзён кожны з саслужыўцаў падставіў плячо – так і павінна быць – мы ж адна каманда. У мяне добры папярэднік – былы начальнік змены Андрэй Раманоўскі выдатна наладзіў працэс, а таксама добры настаўнік – начальнік часці Арцём Жарнасек многаму мяне вучыць на практыцы”.
Першы каравул можна назваць сплавам маладосці і вопыту. Каля 15 гадоў стажу ў пажарнай службе за плячыма вадзіцеляў Сяргея Бугая і Аляксандра Бугая, якія ведаюць раён як свае пяць пальцаў і выдатна арыентуюцца ў дарозе без навігатараў і падказак. Амаль столькі ж працуе старшы інструктар-выратавальнік Сяргей Хрыпель. Некалькі гадоў таму папоўнілі калектыў Віктар Каваленка, Віктар Волах, Аляксандр Сакалоў, якія не толькі спраўляюцца з асноўнай работай, а і паспяхова адстойваюць гонар аддзела на спартыўных спаборніцтвах у розных відах – футболе, валейболе, лёгкай атлетыцы, плаванні.
Дзеянні кожнага з іх у выпадку здарэння ідэальна адточаны. “Як толькі ў тэлефоне прагучала, што дзесьці пажар, мы дзейнічаем вельмі хутка, бо як ніхто ведаем, якой дарагой з’яўляецца кожная секунда! – расказваюць выратавальнікі каравула. – Часам грамадзяне, якія паведамляюць аб здарэнні, нервуюцца, маўляў, навошта задаюць шмат пытанняў. Між тым, у гэты час у пажарнай часці ўжо падымаюцца вароты і мы спяшаемся на здарэнне. А шматлікія ўдакладняючыя факты наш дыспетчар Аляксандр Васілеўскі перадае нам ужо па шляху. Заўсёды ў напружанні чакаем паведамлення, ці ёсць унутры палаючага памяшкання людзі. Бачыць гібель землякоў маральна няпроста. Так было ў Мосары ў лістападзе, калі на пажары загінуў мужчына. Распаўсюджаны сцэнарый – пакурыў і заснуў. У такіх выпадках шанцы на выжыванне часцей за ўсё невялікія. Але да апошняга ў нас усё ж была надзея, нягледзячы на вельмі шчыльнае задымленне накіраваліся ўнутр, літаральна ўсляпую праводзілі разведку і знайшлі чалавека ўжо ў палаючым пакоі. Выратаваць яго ўжо было немагчыма: мінуў час, пакуль дым выйшаў на вуліцу і яго заўважылі суседзі. Дарэчы, менавіта гэтае здарэнне стала першым самастойным выездам нашага начальніка змены”.
На памяці байцоў і нямала выпадкаў са шчаслівым фіналам – як вынеслі з агню маладога чалавека ва Угрынках, паспяхова знайшлі гаспадыню адной з кватэр па Ленінскай, 19, калі ў жыллі і ва ўсім пад’ездзе ўжо было моцнае задымленне, вызвалілі з бітумнага рэзервуара мужчыну на тэрыторыі асфальтнага завода ў Лутаве Сяльцы, паспелі да рыбака, які праваліўся пад лёд.
І пасля выезду ім не прыходзіцца адпачываць. Прывесці пасля пажару ў гатоўнасць тэхніку і абсталяванне, аформіць патрэбную дакументацыю, падрыхтавацца да заняткаў і залікаў, падтрымаць парадак у часці і на тэрыторыі. На сон на дзяжурстве адводзіцца не больш 4 гадзін за суткі.
Пажаданне “сухіх рукавоў” вельмі актуальнае апошнім часам для гэтых хлопцаў. Адрасуем яго ім і ўсім ушацкім выратавальнікам. Няхай у часці не раздаюцца трывожныя званкі, а на вуліцах не гучаць сірэны пажарных машын.
Вольга КАМАРКОВА


