Чем привлекает работа в сельском хозяйстве молодого экономиста ОАО «Ильюшинский» Алексея Мащёнка?

Образование и молодежь

“А вы матэрыял пра нас чыталі?”, – Аляксей Машчонак адкрыў у сацсетках старонку газеты “На страже”. Задавальненне юнака, па маім меркаванні, не пасавалася з профілем выдання – і галоўны эканаміст “Ільюшынскага” патлумачыў: “Ні ў чым крымінальным мы не засвяціліся, проста расказвалі, як вядзецца ўлік і захаванне”. Я ж праз непрацяглы час пераканалася, як лёгка было браць інтэрв’ю калегам-журналістам, калі перад табой такі адкрыты, пазітыўны, зацікаўлены сваёй справай спецыяліст.

Хоць у сельскай гаспадарцы працавалі дзед, бабуля, бацька, і ў ВНУ аграрнага профілю Аляксей ішоў па мэтавым накіраванні, прызнаецца, што слаба ўяўляў сабе вытворчасць зерня ці малака. Ва ўніверсітэце, канечне, акрамя эканомікі вывучалі і віды тэхнікі, і аграномію, аднак ускосна. Знаёміцца, а паралельна і ўлюбляцца ў справу пачаў на практыцы.

“Энерганасычаны трактар для мяне быў статычнай машынай, што стаяла на вучнёўскай пляцоўцы. А калі апынуўся ў “Дземенцы”, адкуль браў накіраванне, убачыў зусім іншы бок. Раніцай механізатары запраўляліся палівам і я ўжо ўяўляў, колькі яго патрэбна для ўзворвання на МТЗ-82, а колькі – на 3522, калі прыносілі пуцёўкі, бачыў, колькі могуць намалаціць і што пшанічны бункер цяжэй за аўсяны. Я з задавальненнем выязджаў на палі і знаёміўся з вытворчасцю: гаспадарка набывала запчасткі, рамантавала зерняток, тэхнікі было больш, чым трактарыстаў… Менавіта “двіжухай” мне і падабаецца сельская гаспадарка, у ёй кожны дзень дынамічны, з мноствам жыццёвых задач ”, – расказвае Аляксей.

Зусім па-іншаму цяпер праходзяць і яго візіты да бабулі – нарэшце размаўляюць на роўных, як спецыялісты. Аграном па адукацыі, Лідзія Міхайлаўна Спірыдовіч шмат год была намеснікам начальніка райсельгасхарча і на пенсіі ёй цікава ўсё. Дэталёва распытвае ўнука пра справы гаспадарак і асабліва пра атрыманы ўраджай. Напэўна, ад яе і ад дзеда Уладзіміра Аляксеевіча Машчонка, які на трактары скалясіў усе палі “ХХІ партз’езда”, перадалася генетычная цяга да хлебнай нівы. Ведаеце, як Аляксей праводзіў улетку вольны час? Садзіўся ў кабіну машын, якія перавозілі зерне, і адпраўляўся з імі на жніво. Там з камбайнерамі пра расцэнкі размаўлялі, і з налічэннямі знаёміў, і проста бачыў, як цяжка здабываюцца бункеры на вымачках і палегліцы, як розніцца танаж пры нізкай ураджайнасці. Цяпер ён выдатна ўяўляе, што стаіць за нормамі. А паколькі ў гаспадарцы зараз няма і агранома, то нялішнім аказалася і веданне палёў і ўрочышчаў, па якіх накіроўваецца тэхніка.

Сустракацца з работнікімі гаспадаркі – адзін з абавязкаў Аляксея. Неяк жывёлаводы паднялі пытанне, што даглядчыкам не даплачваюць за захаванасць цялят – урэгулявалі. Літаральна ўсіх цікавіць уласны заробак, ну а справа эканаміста – увязаць інтарэсы людзей з ростам паказчыкаў, стымуляваць на большую аддачу. Зразумела, што існуюць схемы разлікаў – і Аляксей ці кіраўнік гаспадаркі не прыдумваюць нешта новае, тым не менш, меры заахвочванняў розняцца, і ў тым жа “Ільюшынскім” сумленныя даяркі добра зарабляюць і ведаюць, што атрымаюць прыбаўку і за кожныя 100 літраў звыш нормы, і 20 працэнтаў – за “экстру”.

Аляксей Машчонак знаходзіцца ў кадравым рэзерве на кіраўніцкую пасаду. Менавіта ён выконвае абавязкі дырэктара ў час яго адсутнасці.

“Мяне перавялі ў Ільюшынскі” толькі летась, і такая сістэма налічэнняў зарплаты даяркам ужо існавала, – прыгадвае А.Машчонак. – Спачатку не мог разабрацца, з чаго яна складаецца. Раіўся з ранейшымі работнікамі. Наогул, у маёй справе, як і ў любой іншай, веды прыходзяць з практыкай. І вельмі многае даюць кансультацыі з вопытнымі спецыялістамі. У “Дземенцы” мяне вучылі моцны бухгалтар Вольга Сяргееўна Яловік, эканаміст Таццяна Бернардаўна Клімашэўская, а ў раслінаводстве – брыгадзір вытворчай брыгады Аляксандр Уладзіміравіч Яловік. Калі перайшоў на свой хлеб, часта раіўся з Людмілай Іванаўнай Гоман з “Вялікадолецкага”, Тамарай Мікалаеўнай Сурынавай з “Глыбачан” і Кацярынай Аляксандраўнай Рэут з “Сафійскіх дароў”, на любое пытанне адкажуць і спецыялісты райсельгасхарча Таццяна Яўгенаўна Іванюта і Ала Іванаўна Папко”.

Інвентарызацыі і пастаноўка на ўлік, здача тэхнікі ў арэнду – многа дадатковых, спецыфічных ведаў адпрацаваў Аляксей падчас далучэння да “Дземенца” “Агра-Селішча”. А паколькі ў гаспадарцы не хапае кадраў, то і іншым спецыялістам даводзіцца сумяшчаць розныя абавязкі. Выйгрыш моладзі ў тым, што яна хутка вучыцца, а ўсе кіруючыя пасады “Ільюшынскага” зараз займаюць выключна кадры да 30 год. Працаваць з равеснікамі і размаўляць на адной мове – яшчэ адзін плюс любімай работы, а сельскагаспадарчую сферу Аляксей называе менавіта такой.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *