Катанне на цюбінгах стала адной з любімых зімовых забаў, а ў гэтыя дні на вуліцы можна сустрэць нямала дзяцей з “ватрушкамі”. Але каб вясёлы адпачынак не азмрочыўся траўмамі, трэба ведаць правілы бяспекі.
Па-першае, не кожная горка падыходзіць для катання! Лепш выбіраць месцы, дзе ўхіл складае не больш 20 градусаў.
Нельга катацца па трасе, на якой растуць дрэвы, стаяць слупы, ёсць рэзкія абрывы. Вельмі небяспечныя горкі ля дарогі! Ва Ушачах, напрыклад, нямала схілаў ля ракі, з’язджаючы па якіх, можна апынуцца ў вадзе: нават у моцныя маразы лёд на гэтым вадаёме недастаткова трывалы.
У якасці бяспечнага месца для катання можна параіць горку ля спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы” (на здымку).
Па-другое, у час катання неабходна захоўваць наступныя правілы: з’язджаць лепш седзячы, узяўшыся за ручкі “ватрушкі”, а ногі трымаць так, каб яны не чапляліся за снег. А вось катацца лежачы – траўманебяспечна! Перш чым з’ехаць, трэба ўпэўніцца, што на схіле нікога няма.
Iканечне, маленькія дзеці павінны катацца пад пільным наглядам дарослых!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

