Неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, па папярэдняй версіі, прывяло да бяды ў вёсцы Лабані Сарочынскага сельсавета.
У нядзелю раніцай ушацкім выратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары дома ў Лабанях, але ўзгаранне было заўважана вяскоўцамі вельмі позна, і калі пажарныя разлікі прыбылі да месца, драўляны будынак быў ахоплены агнём, адбылося абвальванне даху. Пад паўмятровым пластом канструкцый знойдзена цела гаспадыні 1957 года нараджэння. Жанчына пражывала адна.
З пачатку года на Ушаччыне адбылося ўжо 4 пажары. З 26 па 31 студзеня вырашана правесці спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства “Дом без пажару”. Выратавальнікі на тэрыторыі раёна наведаюць у першую чаргу дамы пенсіянераў, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Асаблівая ўвага пры абследаванні домаўладанняў будзе ўдзелена стану пячнога ацяплення, электраабсталявання і праводкі, спраўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
Напружаная сітуацыя з пажарамі зараз складваецца ў цэлым па рэспубліцы: у студзені іх адбылося ўжо 625, у той час як за такі ж перыяд 2025-га – 331, у агні загінула 82 чалавекі (летась на гэтую ж дату было 45 загінуўшых). Будзьце асцярожнымі, выконвайце правілы бяспекі!
Рыта ХРЫПЕЛЬ, інспектар сектара прапаганды Ушацкага РАНС.

