Хто з ушацкіх жанчын варты таго, каб пра іх лёс расказаць пад рубрыкай, якая ў 2026 годзе, зразумела, будзе адной з самых частых. Такое пытанне мы задавалі нашым рэспандэнтам, і атрымалі не толькі нямала імёнаў для будучых публікацый, а і проста цікавых аповедаў. Пра некаторых з “намінантак” апытання мы ўжо пісалі на старонках “Патрыёта” – і гэта сведчыць якраз аб тым, што большасць беларускіх жанчын вартыя называцца прыкладам.
Зоя Сцяпанаўна Ільінова: “Лічу, званне “беларускай жанчыны” пасуе практычна кожнай ушачанцы, ва ўсялякім выпадку сярод маіх знаёмых такіх шмат. Гэта сяброўка Яўгенія Журко – спагадлівая, працавітая, а які дэндрапарк ля яе дома! Вельмі паважаю Вольгу Пятроўну Захарэнка, у нядаўнім часе кампетэнтнага работніка “Белаграпрамбанка”, а па жыцці – спагадлівага чалавека. Нямала такіх жанчын і ў нашым ДРБУ-105. Але па ўкладзе ў развіццё раёна вылучыла б прадстаўніц старэйшага пакалення: прафесіянал-бухгалтар Тамара Мікалаеўна Слабада мяне многаму навучыла, а Надзея Паўлаўна Качан працавала ў ДЭУ, калі ў раёне яшчэ не было асфальтаваных дарог. Абедзве вырасцілі дзяцей, а рабіць гэта ў той час было намнога складаней”.
Вікторыя Пятроўна Кальчэўская: “Мабыць, гэта прагучыць нечакана, аднак жанчына, прыклад якой варты пераймання – мая свякроў Тамара Іосіфаўна. Ёй я ўдзячна за многае – найперш, за дапамогу ў выхаванні дзяцей: калі б не яна, наогул не рашыліся б на другое. Сама яна выхавала траіх, прычым, пагодкаў, сярод якіх былі двайняты. А яшчэ за адносіны як да роднай дачкі: ведаю, што яе прысуд заўсёды справядлівы, ніколі не адчувала меншай любові, чым да сына. Як прафесіянал для мяне заўсёды будзе прыкладам Ала Мікалаеўна Крыштопенка. Я працавала на Кубліцкім ФАПе фельчарам, а яна – урачом, які абслугоўвае зону сельсавета. Як жа ўважліва яна ставіцца да праблем людзей! Не было ніводнага разу, каб паабяцала і забылася, не выканала. Не магу не назваць і загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення Вольгу Аляксандраўну Шлёнскую, якая літаральна жыве на рабоце, нікому не адмовіць у кансультацыі нават ва ўрон асабістаму часу”.
Ірына Сямёнаўна Ланцунцэвіч: “Лічу, што самая складаная жаночая работа – выхаванне дзяцей, таму варта больш пісаць пра мнагадзетных маці. Гэта праца без выхадных, калі ты прачынаешся з думкай пра дзяцей, і кладзешся спаць з ёй. Таксама мяркую, што вельмі цяжка быць выхавацелем, тым больш калі ты поўнасцю аддаеш душу чужым дзецям, як гэта рабіла Тамара Паўлаўна Залатухіна. Мая дачка ўжо дарослая, аднак і праз столькі год гэты тонкі педагог памятае сваіх выхаванцаў па імя, цікавіцца іх справамі. Бачна, што яны засталіся ў яе сэрцы”.
Ганна Канстанцінаўна Кухта: “Удзячна Богу, які паслаў мне выдатную сяброўку Ларысу Міронаўну Фаміну. Упершыню мы сустрэліся ў радзільным доме – яна пагадзілася стаць малочнай маці для маёй дачкі, і з таго 1975 года працягваюцца нашы зносіны. Хутка мы аказаліся ў вёсцы Мосар, куды яе мужа накіравалі старшынёй калгаса, а майго – дырэктарам школы. Старэйшая за мяне на 8 год (у 21 гэта казалася адчувальнай розніцай), яна стала маёй дарадчыцай па жыцці. Хоць даўно жывём не блізка, аднак адлегласць не можа перашкодзіць жаночаму сяброўству, якое, сцвярджаю, існуе. Дарэчы, падтрымліваюць зносіны і нашы дочкі, малочныя сёстры Вера і Алёна”.
Вольга КАРАЛЕНКА.

