У працоўных калектывах Ушаччыны прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Пра ключавыя аспекты паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь гаварыў на сустрэчы з работнікамі дзіцячай школы мастацтваў старшыня райвыканкама С.Шамовіч.
Як дэлегат другога пасяжэння VII Усебеларускага народнага сходу, Сяргей Сцяпанавіч ведае тэму знутры, таму многія тэматычныя блокі “падмацоўваў” цікавай інфармацыяй са спасылкай на наш раён. Так, напрыклад, паведаміў, што развіваць прамысловасць ва Ушачах будуць у тым ліку дзякуючы будаўніцтву завода па перапрацоўцы торфу – плануецца, што праз два-тры гады ён пачне работу. Павялічыць уклад турызму ў эканоміку раёна дазволіць стварэнне новых тураб’ектаў – зараз вядзецца пошук інвестараў.
У рамках сустрэчы былі абмеркаваны і іншыя актуальныя моманты сённяшняга дня. Так, прысутныя паскардзіліся на недахоп кропак грамадскага харчавання: калі нядаўна ў сям’і ўзнікла патрэба справіць памінкі, месцаў для гэтага ў выхадны дзень у райцэнтры не аказалася – добра, што Арэхаўскі СДК прыняў, а арганізацыю стала ўзяў на сябе прыватнік. З дзецьмі паесці марожанага таксама няма дзе… Кіраўнік раёна згадзіўся, што гэтыя пытанні патрабуюць вырашэння – і ў гэтым накірунку ўжо ёсць пэўныя зрухі. Напрыклад, выдзелены сродкі на рамонт “Тайм Аўта”, размешчанага на базе спарткомплексу, сёлета плануецца аднавіць яго работу.
Дарэчы, не выключана, што з’явіцца ў райцэнтры і штосьці накшталт інтэрнэт-кафэ. Як расказалі работнікі ДШМ, да іх не аднойчы звярталіся госці Ушаччыны з просьбай скарыстацца выхадам у сусветную павуціну – каб адправіць дакументы, тэрмінова звязацца з блізкімі… Як адзначыў С.Шамовіч, гэтае пытанне таксама будзе разгледжана.
* * *
Тэму Адзінага дня інфармавання з калектывам Вялікадолецкай школы абмяркоўвалі намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Хамёнак і юрысконсульт УП ЖКГ, дэлегат Усебеларускага народнага сходу Валянціна Анкудовіч. Акрамя асноўнай тэмы з цікавасцю слухалі ўдзельнікі сустрэчы і вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за мінулы год, а таксама планы на перспектыву. Вялікадальчане скарысталіся магчымасцю і задавалі хвалюючыя пытанні, якія ў асноўным датычыліся гандлёвага абслугоўвання.
Дарэчы, дэлегаты УНС ад Ушацкага раёна аспекты Паслання Прэзідэнта і прынятую Праграму сацыяльнага-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку і раней абмяркоўвалі з многімі іншымі працоўнымі калектывамі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.


