Цішыні ў швейным цэху не можа быць у прынцыпе. Вось і на гэты раз на Ушацкім участку Полацкага філіяла ААТ “Магатэкс” стракаталі машынкі, а работніцы засяроджана сачылі за бягучай строчкай. Як і ў чэрвені 2023-га, у пакеты пакаваліся сінія камізэлькі – абсалютна такую ж мадэль выпускаюць для маскоўскіх заказчыкаў і зараз. Толькі вось колькасць прадукцыі значна вырасла – за месяц шыюць 1700 камізэлек і тысячу штаноў, што сведчыць пра выхад вытворчасці на зусім іншую ступень развіцця.
Пацвердзіла гэта і галоўны інжынер Полацкага філіяла Ірына Іванаўна Кандыба: “Ушацкі ўчастак увесь час працуе вельмі стабільна, а летась аказаўся ў ліку лепшых – па выніках работы за трэці квартал заняў другое месца па філіяле. Асартымент прадукцыі амаль не мяняецца, а гэта дазволіла дасканала адтачыць аперацыі”.
Калі ў першыя месяцы работы пасля адкрыцця ўшачанам вызначалі заніжаны план, то зараз ніякіх скідак не існуе, працуюць на роўных з падраздзяленнямі, якія існуюць дзясяткі год, і не проста выконваюць, а перавыконваюць паказчыкі. Дарэчы, у тым, што ўчастак будзе існаваць і развівацца, кіраўніцтва філіяла ўпэўнілася яшчэ пасля першага, самага складанага года работы.

Цяпер калектыў хоць і папаўняюць навічкі, аднак ён стабільны і працаздольны. Ганну Сурвіла (на здымку), Святлану Сазонаву, Наталлю Паршонак, Алену Калясінскую, Алену Кірпічонак называюць сярод “старажылаў”. Да іх ліку адносіцца і яшчэ адзін перадавік – Галіна Мароз, якая ў маі 2023 тут, на прадпрыемстве, яшчэ толькі вучылася шыць.
“Мы і зараз прымаем на работу людзей без “корачак”, паказваем, тлумачым заданні непасрэдна за машынкамі. Пры жаданні справіцца можа любы, хаця ёсць рэдкія выключэнні. Так што калі нехта яшчэ не можа адшукаць занятак, запрашаем да нас”, – гаворыць начальнік участка Ірына Пятроўна Гуль-Пархоменка.
Хаця, намнога хутчэй ідзе адаптацыя ці наогул абыходзіцца без яе, калі прыходзяць людзі з паняццем. Дапамог 15-гадовы стаж Алене Шаблоўскай – і пасля перапынку яна хутка асвоіла розныя аперацыі. Пасля заканчэння каледжа адпрацоўку праходзіць Насця Первянёнак. Спадзяюцца, што вернецца ў цэх і кемлівая тройца, што была тут на практыцы. Ушачанкам Уладзе Міхаль, Ганне Чарняўскай і Вераніцы Чарнаок дастаткова было толькі паказаць задачу – навыкамі яны ўжо авалодалі і хутка ўліліся ў калектыў. Больш года спраўляецца з абавязкамі і новы кантралёр Анжэла Шалбанава. Вынік яе працы – гэта і ацэнка ўсяму ўчастку, якая ніжэй “9“ не апускаецца. Ніколі не было вяртанняў прадукцыі з-за браку, а выпадковыя хібы выяўляюцца і выпраўляюцца на месцы. Ну і, канечне, немагчыма абысціся без наладчыка Юрыя Гушчы: пры змене аперацый ён хуценька перастаўляе лапкі, а таксама шукае прычыну паломкі разумнай камп’ютарнай тэхнікі і ўстараняе яе.

Швейнікі па-ранейшаму працуюць па прынцыпе поўнай замяняльнасці і ўзаемавыручкі. Напрыклад, зараз на бальнічных адразу 3 чалавекі – чвэрць калектыву, аднак гэта ніяк не скажацца на паказчыках, паколькі дадатковая аперацыя – пашыў кішэняў – раскінуты на чатырох вопытных работніц. Садзіцца за машынку і Ірына Пятроўна, а пры патрэбе ўсе прыходзяць раней і пакідаюць цэх пазней. Выкананне плана адаб’ецца на зарплаце, якая зусім не маленькая – у сярэднім паўтары тысячы рублёў, хаця “рэгуляваць” яе работніцы могуць і самастойна. Кіраўніцтва філіяла зацікаўлена ў выпуску прадукцыі і стымулюе дадатковы, пазапланавы пашыў: работы ў звышурочны час аплачваюцца ўдвая.
Як і з першага дня адкрыцця ўчастка, калектыў адчувае сябе членам вялікага прадпрыемства, у якім дакладна размеркаваны абавязкі. “Мая задача – падзяліць секундныя аперацыі, каб працаваць без замінак і прастояў. Такі ж дэвіз і “Магатэкса”. Не бывае такога, што не хапіла дэталяў крою ці не падышлі маланкі. Нават калі нешта выходзіць са строю – на працягу гадзіны з Полацка паступае замена. Варта толькі агучыць праблему – невырашальных у нашага кіраўніцтва не бывае. Нас віншуюць з усімі святамі, вось і на Новы год прымалі дэлегацыю на чале з дырэктарам Таццянай Іванаўнай Гур. Лёгка працаваць пры такой падтрымцы”, – рэзюмуе Ірына Пятроўна Гуль-Пархоменка.
Вольга Караленка.

