Кто завоевал титул «Учитель года-2026» в Ушачах? Рассказываем, как прошёл конкурс профмастерства среди педагогов

Главное Образование и молодежь

М.Александровіч, Т.Неруганёнак, Т.Церашкавец, М.Александровіч, Т.Неруганёнак, Т.Церашкавец, Д.Герцык, К.Гірсёнак, Г.Сазонава, П.Дзенісёнак.

Некалькі тыдняў хвалявання, падрыхтоўкі і паказу адметнасцяў сваёй працы. Некалькі тыдняў, калі ўдзельнікі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года-2026”у пэўным сэнсе адчулі сябе дзецьмі: гэтак жа як іх выхаванцы, праходзілі іспыты і атрымлівалі адзнакі-балы. Самы час прыгадаць, як усё адбывалася ў фінале – прыгожае мерапрыемства прайшло ў суботу ва Ушацкай сярэдняй школе.

Нягледзячы на выхадны і марозны дзень, падтрымаць канкурсантак сабраліся прадстаўнікі ўсіх школраёна. Пабольшала наведвальнікаўі ў гандлёвых кропках: ужо з раніцымногія набывалі кветкі, паветраныяшары…

“Мы нездарма сёння такім вялікім саставам, – казалі педагогі, вучні Арэхаўскай СШ. – Будзем хварэць адразу за траіх нашых настаўніц –такога ў гісторыі конкурсу яшчэ не было”. “Мы таксама далоні для апладысментаў рыхтуем – выступаць будуць дзве нашы зямлячкі, – падзяліліся прадстаўнікі Глыбачанскай школы. – Што цікава, маладзейшая – вучаніца старэйшай. У розных намінацыях удзельнічаюць, а таму не спаборнічаюць адна з адной”. І вось на сцэну па чарзе выходзяць канкурсанткі – расказваюць пра сябе, сваю дзейнасць. Уласныя вершы і проза, фотаздымкі і відэаролікі, прэзентацыя творчых работ і характарыстыкі ад калег, вучняў – усё па-добраму здзіўляе.

Пасля заканчэння ВДУ імя П.М.Машэрава ў Вялікадолецкай школе выкладае гісторыю і грамадазнаўства Марыя Юр’еўна Александровіч. Прызнаецца: галоўнае  для яе – не проста падзяліцца з дзецьмі інфармацыяй, а навучыць іх шырэй бачыць свет, знаходзіць нестандартныя рашэнні. Паспявае педагог і з класным кіраўніцтвам, і з грамадскай нагрузкай спраўляцца –дапамагае пяцікласнікам адаптавацца да новых умоў навучання, адказвае за ідэалагічную работу ў калектыве. Граматны спецыяліст, які ніколі не адмовіць у просьбе, а на ўроках выкладаецца на ўсе 100.

Працуе журы.

“Брава!” гучала ў гэты дзень для настаўніцы пачатковых класаў Ушацкай школы Паліны Сяргееўны Дзенісёнак. Ва ўстанове, якую сама нядаўна заканчвала, яна працуе трэці год. Пры гэтым для многіх паўнацэнна адкрылася толькі зараз: у вершаванай форме расказала пра сябе, прэзентавала выставу творчых работ. Яна любіць, напрыклад, займацца канструяваннем, вязаць, а нядаўна яшчэ вадзіцельскае пасведчанне атрымала.

Мнагадзетнай, хоць і мае толькі сына і дачушку, называе сябе Таіса Ігараўна Церашкавец з Глыбачанскай школы. А ўсё таму,што кожнаму свайму вучню ўдзяляе не менш увагі, чым родным Лёшы і Ксюшы. Так, з’яўляючыся настаўнікам пачатковых класаў, першым азам вучыць самых маленькіх, у старэйшых выкладае замежную мову, арганізуе даследчую работу. У гэтай канкурсанткі немалы багаж дасягненняў! Яе цікавяць не толькі прадметныя спаборніцтвы, а і краязнаўства, камп’ютарныя распрацоўкі, энергазберажэнне, спорт, жывапіс, рукадзелле.

Годную эстафету ў старэйшай калегі пераймае настаўнік нямецкай мовы Дзіяна Уладзіміраўна Герцык, якая прыйшла ў Глыбачанскую СШ толькі 1,5 года таму. Хоць і з’яўляецца маладым спецыялістам, вынікі дэманструе добрыя: у 2025-м падрыхтавала каманду да ўдзелу ў абласным этапе фестывалю межкультурных камунікацый,7 дыпламантаў розных конкурсаў і ўдзельніцу абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Дзіяна любіць вандраваць, праз зносіны з насельніцтвам знаёміцца з бытам краін. Дарэчы, атрыманую інфармацыю выкарыстоўвае на ўроках: яе прадмет у вучняў – адзін з любімых.

Не прафесіяй, а ладам жыцця называе настаўніцтва Кацярына Міхайлаўна Гірсёнак з Арэхаўскай СШ. Яшчэ калі была школьніцай, захапілася геаграфіяй – і зараз нароўні з біялогіяй выкладае гэты прадмет. На ўроках умее стварыць атмасферу калектыўнага творчага пошуку. Шмат увагі ўдзяляе спорту (плаванне, лыжы, стральба, веласіпед), любіць таксама фатаграфію і кулінарыю.

З групай падтрымкі М.Александровіч.

Ключыкі да дзіцячых сэрцаў удала падбірае настаўнік пачатковых класаў з Арэхаўна Ганна Сяргееўна Сазонава. У школе, якую сама заканчвала, працуе пяты год. Як кажа, лепшай прафесіі для сябе не ўяўляе, таму пасля заканчэння Полацкага педкаледжа паступіла ў Віцебскі дзяржуніверсітэт. Урокі выбудоўвае метадычна граматна, з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцяў навучэнцаў – развівае іх мысленне, фантазію.

Ні разу не пашкадавала пра зроблены выбар і Таццяна Ігараўна Неруганёнак. З дзяцінства любіла чытаць, захапілася паэзіяй і нават пачала пісаць вершы, публікавацца. Таму і стала філолагам – пасля заканчэння ВДУ працавала ў Вяркудскай школе, цяпер жа выкладае рускую і беларускую мову, літаратуру ў Арэхаўскай. Кожны яе ўрок не падобны на іншы: то ў форме прэзентацыі, гутаркі ці семінару яго праводзіць, то з наглядным матэрыялам эксперыментуе.

Усе ўдзельніцы конкурсу годна прадставілі свае школы. Але ж, як у любым спаборніцтве, вызначыліся мацнейшыя. З улікам папярэдніх выпрабаванняў (настаўнікі складалі праекты заняткаў, давалі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах, прадстаўлялі вопыт сваёй работы, а маладыя спецыялісты – яшчэ і матывацыйны ліст “Мой шлях у прафесію”) імі сталі: у намінацыі  “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” – М.Александровіч, “Замежная мова” – Т.Церашкавец, “Малады педагог” – Д.Герцык.

Не спыняцца на дасягнутым, імкнучыся да новых прафесійных перамог, пажадала ўсім начальнік аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама Людміла Васільеўна Давыдава. Святочнага настрою мерапрыемству дадалі таксама вакальныя выступленні ад выхаванцаў раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *