Центральная аптека №65 пополнилась молодыми специалистами

Общество

У апошнія гады цэнтральная аптэка №65 г.п.Ушачы перажывае перыяд змены пакаленняў. Адразу некалькі вопытных работнікаў завяршылі працоўную кар’еру, і калектыў папоўнілі маладыя спецыялісты, якія атрымалі размеркаванне ва Ушачы. Усе яны – немясцовыя, і мы вырашылі пазнаёміць чытачоў з дзяўчатамі, з якімі большасці з нас давядзецца мець стасункі. І вядома ж, пацікавіліся, як праходзіць іх адаптацыя ў новым калектыве і раёне.

Зрэшты, выпускніца Віцебскага медкаледжа Таццяна Аўчыннікава ва Ушачах ужо трэці год, і з нядаўняга часу ёй даручылі пасаду загадчыцы аптэкі №348, што ля рынку. “З дзяцінства марыла пра медыцыну, але разумела, што з маім характарам будзе складана рабіць уколы і іншыя маніпуляцыі, звязаныя з прычыненнем людзям дыскамфорту. У выніку абрала фармацэўтыку, якая таксама спрыяе ахове здароўя”, – расказала нам Таццяна. Ва Ушачах яна ў цэлым адаптавалася, тым больш што родныя Бешанковічы не так далёка.
А вось тры іншыя маладыя работніцы папоўнілі калектыў толькі сёлета. Правізары Марыя Міхно і Марына Шынкевіч скончылі Віцебскі медуніверсітэт, фармацэўт-рэцэптар Вікторыя Андронава – сталічны медыцынскі каледж.

Дзяўчаты падкрэслілі, што ў калектыве іх сустрэлі цёпла. Не толькі высокім прафесіяналізмам, а і годнымі чалавечымі якасцямі, гатоўнасцю падзяліцца вопытам, даць параду вылучаюцца загадчык аптэкі Таццяна Полазава, яе намеснік Вольга Ярмош, добразычліва ставяцца да навічкоў і іншыя работнікі.

Сама ж Таццяна Уладзіміраўна зазначае наступнае: “У перыяд вострага кадравага дэфіцыту нам нават даводзілася скарачаць графік работы, але дзякуючы прыходу новых супрацоўнікаў гэтая праблема вырашана. Дзяўчаты стараюцца, адказна падыходзяць да справы і выконваюць усе ўказанні”.

Адаптацыя ў прафесіі, як паказвае практыка, праходзіць не надта лёгка. А таму важна свядома падыходзіць да выбару ўніверсітэта ці каледжа і разумець, што пасля вучобы будзе адпрацоўка, магчыма – не ў родным горадзе. Пра гэта казаў і Прэзідэнт нашай краіны ў сваім пасланні беларускаму народу на УНС: “Перш чым прымаць рашэнне ісці ў тую ці іншую навучальную ўстанову, трэба разумець, каго гэтая ўстанова рыхтуе і для чаго… Вы загадзя павінны вызначыцца”.

Дзяўчаты гэтае меркаванне цалкам падзяляюць і раяць сёлетнім старшакласнікам разважліва рабіць выбар і быць гатовымі да выпрабаванняў. Марыя, напрыклад, прызналася, што са сваёй сумай балаў магла паступіць і без мэтавага накіравання, аднак вырашыла падстрахавацца – і зараз будзе адпрацоўваць пяць год. Не хавае, што хацела б размеркавацца ў родны Лепель, аднак добра ўжо тое, што трапіла ў суседні раён, што ў калектыве шмат моладзі. Апроч працы правізарам ва Ушачах яна раз на тыдзень адпускае лекі ў Глыбачанскай аптэцы. Марына і Вікторыя акрамя выканання асноўных абавязкаў займаюцца прыгатаваннем парашкоў і мазяў.

Не сакрэт, што фармацэўтам патрэбна выдатная памяць. Марына, напрыклад, прызнаецца, што трымае ў галаве некалькі тысяч найменняў прэпаратаў, а ў электронныя крыніцы заглядвае, каб удакладніць акалічнасці іх прыёму.

А яшчэ работнік аптэкі павінен умець аказаць першую дапамогу. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся з Марыяй падчас практыкі ў Лепелі. Пажылой жанчыне стала дрэнна прама ў аптэцы. Дзяўчына не разгубілася, змерыла ёй ціск, дала “Каптапрыл”, адчыніла акно – і праз паўгадзіны бабуля змагла самастойна адправіцца дадому.

У аптэку прыходзяць людзі ўсіх узростаў і слаёў грамадства, таму часам тут здараюцца і кур’ёзныя сітуацыі. Дзяўчаты з гумарам узгадвалі, як наведвальнікі пыталіся ў іх, ці ёсць у продажы барсеткі і дыхлафос, патрабавалі гігіенічныя тавары маркі “Дуся” (насамрэч мелася на ўвазе “Дыксі”) і прэпарат фірмы “Рубільнік” – так інтэрпрэтавалі назву фармкампаніі “Рубікон”.

Віцебскае прадпрыемства “Фармацыя” клапоціцца пра бытавыя ўмовы для маладых спецыялістаў – аплочвае дзяўчатам здымнае жыллё. Марыя ж разлічвае на арэндную кватэру ў новым доме на Віцебскай.

Казаць пра далейшыя планы Марыі, Марыны і Вікі пакуль рана, а вось Таццяна прызналася, што хоча паступіць па мэтавым накіраванні ў медуніверсітэт. У любым выпадку праца ва

Ушачах будзе для ўсіх іх важным жыццёвым вопытам, які загартоўвае, вучыць і адкрывае новыя гарызонты.

Наталля БАГДАНОВІЧ,
Анастасія ПОЛАЗАВА.
На здымку: М.Міхно, В.Андронава, М.Шынкевіч; Т.Аўчыннікава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *